Мінск 18:35

Больш за 8 тыс. пачкаў беларускіх цыгарэт на 40 тыс. еўра выяўлена паліцыяй у Літве ў падвале жылога дома

10 кастрычніка, Позірк. 8.284 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі выяўленыя пры ператрусе ў падвале жылога дома ў Таўразе (Літва), паведаміла літоўская паліцыя.

Удакладняецца, што выяўлена 2.240 пачкаў цыгарэт Fest, 20 пачкаў Marlboro Gold, 1.870 пачкаў Minsk Capital QS і 4.110 пачкаў NZ Gold.

Ператрус праведзены ў рамках праверкі атрыманай інфармацыі аб цыгарэтах, якія незаконна захоўваюцца і не маркіраваныя літоўскімі акцызнымі маркамі, гаворыцца ў паведамленні.

Цыгарэты канфіскаваныя, іх кошт ацэнены ў 40.000 еўра.

У дачыненні да гаспадара падвала распачатае дасудовае расследаванне па факце незаконнага захоўвання падакцызных тавараў. Мужчыну, як адзначаецца, пагражае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Раней паведамлялася, што 45,5% цыгарэт, канфіскаваных Службай аховы дзяржаўнай мяжы Літвы ў гэтым годзе, было дастаўлена з Беларусі, 54,1% — з Латвіі.

Адзначалася, што больш за ўсё канфіскавана цыгарэт маркі “Мінск” — 40% ад усяго аб’ёму, 24% — NZ, 15% і 14% — Marlboro і Winston адпаведна.

Падзяліцца: