Ціханоўская: Калі Лукашэнка неўзабаве памрэ, будзе не шмат часу для перамен, бо Пуцін паспрабуе ўтрымаць Беларусь

18 кастрычніка, Позірк. Смерць Аляксандра Лукашэнкі — адзін з магчымых сцэнарыяў, як могуць распачацца перамены ў Беларусі, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 17 кастрычніка ў Амстэрдаме (Нідэрланды).
Палітык выказалася пра будучыню краіны, адказваючы на пытанні пасля таго, як выступіла з лекцыяй пра Беларусь у Rode Hoed, арганізаванай платформай RAAM.
“Лукашэнка не несмяротны, усё гэта разумеюць, — сказала дэмлідар. — І калі, напрыклад, ён памрэ сёння ўначы ці заўтра, у нас будзе не шмат часу, каб распачаць працэс перамен. Мы разумеем, што ў такім выпадку [прэзідэнт Расіі Уладзімір] Пуцін паспрабуе ўтрымаць Беларусь пад кантролем”.
“Але і мы маем саюзнікаў, якія маглі б стаць пасярэднікамі ў дыялогу з людзьмі ўнутры рэжыму. У наменклатуры шмат тых, хто таксама хоча перамен, і мы ўжо зараз звяртаемся да іх: “Незалежнасць і суверэнітэт Беларусі — і ў вашых інтарэсах. Калі вы не здзейснілі цяжкіх злачынстваў супраць беларусаў — вы частка нашага народа, можаце працягваць працаваць у Беларусі”.
Паводле слоў Ціханоўскай, менавіта ў той момант вырашыцца, хто пераможа — “прарасійская або праеўрапейская частка сістэмы”. Палітык падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы рыхтуюцца да гэтага, хаця разумеюць, што “працэс можа пайсці па-рознаму”.
“Але наша задача мець гатовыя альтэрнатыўныя інстытуты — і мы гатовыя. Нашы дэмакратычныя партнёры таксама павінны быць гатовыя, — сказала яна. — Вядома, мы не можам проста вярнуцца ў Беларусь — нас тут жа арыштуюць. Але калі разам з намі прыедуць моцныя лідары дэмакратычных краін, якія змогуць прапанаваць людзям унутры сістэмы альтэрнатыву “рускаму свету”, паказаць, што Беларусь можа быць часткай еўрапейскай сям’і — гэта будзе больш моцная прапанова для іх. Я хачу верыць, што мы гатовыя”.
Галоўнай мэтай сваёй працы Ціханоўская назвала “захаванне еднасці дэмакратычнага руху”, задачай — падтрымку “створаных у выгнанні альтэрнатыўных інстытутаў улады”, падвышэнне “іх трываласці і даверу да іх”.
“Мы стварылі ўрад у выгнанні. Маем пратапарламент, протаўрад, маецца офіс абранага прэзідэнта — і гэтая сістэма стала заўважнай на міжнароднай арэне, — сказала яна. — За гэтыя гады ў нас атрымалася наладкаваць фармальныя стасункі з многімі краінамі — ЗША, Канадай, Вялікабрытаніяй, з Еўрасаюзам. Мы працуем з усімі парламентамі, паўсюдна маюцца групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Мы, магчыма, падштурхнулі міжнародныя інстытуты да беспрэцэдэнтных крокаў у дачыненні да Беларусі. Мы сталі часткай еўрапейскіх структур — напрыклад, Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы”.
У сітуацыі, калі ў свеце “так шмат крызісаў — Украіна, Газа, іншыя канфлікты”, трэба пастаянна нагадваць пра Беларусь, каб яна “не знікла з увагі”, падкрэсліла Ціханоўская. Паводле яе слоў, гэтая праца “дае палітычную падтрымку, салідарнасць, тэхнічную дапамогу” беларускаму дэмакратычнаму руху.
Дэмакратычныя партнёры, паўтарыла яна, павінны быць гатовыя да “моманту магчымасцяў” гэтак жа, як і самі беларускія дэмсілы.
“У 2020 годзе ў нашых партнёраў не было стратэгіі па Беларусі, — канстатавала яна. — Цяпер, калі надыдзе момант, стратэгія павінна быць ва ўсіх. Таму абарона Беларусі, патрабаванне вызвалення палітзняволеных, прасоўванне еўрапейскай перспектывы для нашай краіны — найважнейшыя напрамкі нашай працы”.
“Увага міжнароднай супольнасці вельмі кароткачасовая. Так лёгка забыцца пра Беларусь — асабліва калі няма бачных прыкмет супраціву. Наша задача — паказаць, што за гэтай бачнай цішынёй маецца супраціў. І растлумачыць, што Беларусь — гэта не толькі гуманітарная праблема, бо часта людзі думаюць, што гаворка толькі пра турмы, рэпрэсіі, вязняў, прыгнёт. Цяпер жа трэба глядзець на Беларусь і з пункту гледжання бяспекі”, — перакананая палітык.
Ціханоўская нагадала, што калі пачалася вайна супраць Украіны, “Лукашэнка стаў суагрэсарам, надаў Расіі тэрыторыю і інфраструктуру для ўварвання”.
“Хто ведае, якія яшчэ амбіцыі мае РФ? Мы ўжо бачылі беспілотнікі над Польшчай, цяпер — сітуацыя з Эстоніяй. Яны прамацваюць межы, а Лукашэнка служыць Пуціну. Ён зноў будзе гатовы надаць нашу зямлю для любых атак”, — дадала яна.
Паводле слоў дэмлідара, саюзнікі ў Еўропе павінны разумець, што “пакуль Лукашэнка ва ўладзе, ён будзе служыць Пуціну, а не інтарэсам Беларусі”, застанецца “пастаяннай крыніцай пагроз, шантажу і запалохвання — не толькі для беларусаў, але і для суседзяў”.
“Свабодная і дэмакратычная Беларусь — у інтарэсах Еўропы. Беларусь хоча быць часткай еўрапейскай сям’і народаў. Калі ласка, не выпускайце Беларусь з-пад увагі. Не адкладайце яе на потым. Так, усе думаюць пра Украіну — і правільна, нам трэба, каб Украіна перамагла. Але не аддавайце Беларусь Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза. Не думайце: “Калі Лукашэнка служыць Пуціну, няхай Беларусь застанецца як ёсць”. Не, Беларусь — гэта не Лукашэнка. Беларусь — гэта беларускі народ, які хоча еўрапейскай будучыні”, — падкрэсліла палітык.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская на кангрэсе PES заявіла пра дэмакратычныя памкненні Беларусі, заклікала падтрымліваць Украіну (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 17 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаМінфін лічыць пагрозай нацыянальнай бяспецы продаж квіткоў пасажырам на сайтах, фізічна размешчаных за мяжойМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаКолькасць людзей у няволі дрэнна ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю, наяўнасць палітвязняў моцна шкодзіць — ЛьвоўскіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка