Мінск 14:53

Завочны суд над удзельнікамі ініцыятывы “Сумленныя людзі” пачнецца 5 лістапада

27 кастрычніка, Позірк. Віцебскі абласны суд пачне разгляд справы чацвярых удзельнікаў ініцыятывы “Сумленныя людзі” 5 лістапада, паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Аб накіраванні справы ў суд стала вядома 8 кастрычніка.

Згодна з матэрыяламі справы, якая вялася ў рамках спецвытворчасці, “фігуранты з’яўляліся ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання “Сумленныя людзі” і з ліпеня 2020 года да верасня 2025 года ажыццяўлялі злачынную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы”.

Пракуратура Віцебскай вобласці адзначала, што сярод абвінавачаных 34-гадовая жыхарка сталіцы, “якая выступала адным з кіраўнікоў фарміравання, каардынавала злачынную дзейнасць групы”, астатнія ўдзельнікі выконвалі ролі менеджараў, каардынатараў і кіраўнікоў розных праектаў.

Як паведамлялася раней, 20 жніўня Следчы камітэт пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да ўдзельнікаў ініцыятывы “Сумленныя людзі” Алены Жылачкінай (Жываглод), Зарыны Сарокінай, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага.

Усе яны абвінавачваліся паводле ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта), ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 1 і 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта, у тым ліку які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару санкцыям), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса.

“Сумленныя людзі” атрымалі “экстрэмісцкі” статус яшчэ ў 2022 годзе. 18 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс датычных да “экстрэмісцкага фарміравання” “Сумленныя людзі” — у спіс дададзеныя Жываглод, Сарокін, Малахоўскі і Давыдчык. У “фарміраванне” ўключаныя сайт і акаўнты праекта ў сацсетках.

Кіраўнік ініцыятывы Жываглод ужо асуджаная завочна па “справе зрыву рэферэндуму 2022 года” на чатыры гады пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 191 (перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненая з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове).

Падзяліцца: