Мінск 08:39

На “Беларуськаліі” перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі пароў шкодных рэчываў не зафіксавана — МНС

31 кастрычніка, Позірк. На “Беларуськаліі” пасля НЗ узятыя пробы паветра на ўтрыманне пароў шкодных рэчываў — перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі не зафіксавана, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

На месцы здарэння задзейнічана 10 адзінак тэхнікі МНС і 14 адзінак тэхнікі прадпрыемства.

Удзень 31 кастрычніка “Беларуськалій” паведаміў пра ўцечку салянай кіслаты на прадпрыемстве.

У адпаведнасці з пазіцыяй плана ліквідацыі аварый, у зону хімічнага заражэння пры выкідзе салянай кіслаты горад Салігорск не трапляе, заявілі на прадпрыемстве. Сцвярджаецца, што ўсе цэхі рудаўпраўлення працуюць у штатным рэжыме.

Паводле звестак Следчага камітэта, інцыдэнт на “Беларуськаліі” здарыўся 31 кастрычніка каля 13-й гадзіны — “у цэху мембраннага электролізу 4-га РУ (рудаўпраўлення. — “Позірк”.) адбыўся разрыў пустой ёмістасці з-пад салянай кіслаты на адкрытай пляцоўцы”. Ударная хваля выклікала “пашкоджанне суседняга рэзервуара з аналагічным хімічным растворам”.

Пацярпелі чацвёра работнікаў прадпрыемства, усе яны з хімічнымі апёкамі і камбінаванымі траўмамі знаходзяцца ў Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы.

3 лістапада 2023 года на 2-м рудаўпраўленні прадпрыемства пацярпелі пяць супрацоўнікаў рамонтнай брыгады электраслесараў. У здарэнні быў абвінавачаны 44-гадовы дзяжурны майстар “Беларуськалія”.

30 траўня 2021 года на рудніку “Беларуськалія” загінуў рабочы.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 красавіка дырэктар дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Семіч, у 2024 годзе траўмы на вытворчасці атрымалі 1.849 чалавек — на аднаго меней, чым у 2023-м. Колькасць загінулых скарацілася за год на 10,3% (са 117 да 105).

Летась 17 пацярпелых былі маладзейшыя за 18 гадоў, двое з іх загінулі.

74% сярод усіх пацярпелых — мужчыны, сярод загінулых іх 96,2%. Такая прапорцыя назіраецца ўжо не першы год, адзначыў Семіч. На яго думку, гэта сведчыць пра тое, што на працы жанчыны “больш спакойныя і дысцыплінаваныя”. “Партрэт загінулага — мужчына 44–45 гадоў”, — сказаў прадстаўнік Мінпрацы. Паводле яго слоў, у пяцёрку найбольш траўманебяспечных прафесій уваходзяць кіроўца аўтамабіля, слесар, падсобны рабочы, трактарыст і жывёлавод.

Падзяліцца: