Мінск 17:07

У Мазыры міліцыя страляла ў мужчыну, які цяжка параніў нажом жонку

Крыніца: прэс-служба МУС / скрыншот "Позірку"

7 лістапада, Позірк. Аб затрыманні з прымяненнем табельнай зброі ў Мазыры (Гомельская вобласць) мужчыны, які спрабаваў забіць жонку, паведаміла прэс-служба МУС.

Уначы ў мясцовае РАУС патэлефанавала дзяўчынка і паведаміла, што яе бацька нанёс маці нажавыя раненні, гаворыцца ў рэлізе.

“Па ўказаным адрасе неадкладна выбылі супрацоўнікі міліцыі. З кватэры на першым паверсе даносіліся крыкі аб дапамозе і стогны. Паколькі дзверы былі зачыненыя, адзін з вартавых парадку пракраўся ў жыллё праз адчыненае акно”, — удакладняе ведамства.

На падлозе “ён убачыў ляжалую ў крыві жанчыну, а побач п’янага мужчыну з нажом у руках”: “Неаднаразовыя законныя патрабаванні супрацоўніка кінуць зброю агрэсар праігнараваў і накіраваўся ў бок міліцыянера. Каб абясшкодзіць дэбашыра, участковы інспектар ужыў табельны пісталет”.

У бальніцу дастаўлены 41-гадовы падазроны і яго 33-гадовая жонка. Жанчына знаходзіцца ў цяжкім стане: “З дзецьмі ўсё ў парадку, яны перададзены сваякам”.

“Праводзіцца праверка, дзеянням мазыраніна будзе дадзена прававая ацэнка. Раней фігурант прыцягваўся да крымінальнай адказнасці”, — сказана ў рэлізе.

22 жніўня паведамлялася, што ў Віцебску міліцыя са стральбой папярэдзіла спробу забойства непаўналетняй, паведамляе прэс-служба МУС.

“На лінію “102” патэлефанавала жанчына і паведаміла, што яе 17-гадовую дачку забівае знаёмы”: “Да месца здарэння неадкладна выбылі супрацоўнікі Першамайскага РАУС абласнога цэнтра. У двары дома яны ўбачылі мужчыну, які наносіў удары нажом дзяўчыне”.

Патрабаванні кінуць зброю фігурант праігнараваў, а затым паспрабаваў напасці на супрацоўнікаў міліцыі, гаворыцца ў рэлізе: “Ацаніўшы рэальную пагрозу жыццю і здароўю, адзін з міліцыянераў зрабіў прыцэльныя стрэлы па ніжніх канечнасцях зламысніка”.

Пацярпелую шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне. Затрыманага, 22-гадовага раней судзімага за наркаабарот мясцовага жыхара, таксама перадалі медыкам.

Была ўзбуджаная крымінальная справа за замах на забойства дзвюх і больш асоб.

Падзяліцца: