Мінск 20:46

Беларусь жыве ў “абложанай крэпасці” — Лукашэнка

Удзельнікі саміту за абедам
Фота: тэлеграм-канал "Пул Первого"

27 лістапада, Позірк. Па перыметры межаў АДКБ нарастаюць ваенныя рызыкі і пагрозы, “асабліва на заходнім флангу арганізацыі“, заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 лістапада на саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы ў Бішкеку (Кыргызстан).

“Абстаноўка падобная на абложаную крэпасць, у якой сёння жыве Беларусь“, — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, якога цытуе яго прэс-служба, еўрапейскія краіны “фактычна пераводзяць сваю эканоміку на ваенныя рэйкі, нарошчваюць інвестыцыі ў абаронную прамысловасць, павялічваюць аб’ёмы вытворчасці ўзбраенняў“. “Мы ў АДКБ павінны на гэта рэагаваць і рэагуем“, — заявіў Лукашэнка.

Выдаткі краін НАТО на абарону разам з “агрэсіўнай рыторыкай сведчыць пра тое, што заходнія палітыкі мэтанакіравана рыхтуюцца да вайны“, лічыць Лукашэнка.

“Не мы, Уладзімір Уладзіміравіч, рыхтуемся да вайны, а па ўсіх фактах — яны“, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Паводле яго сцвярджэння, Беларусь выступае за “сумленны і адкрыты дыялог па важных міжнародных пытаннях“.

“Акрамя нарошчвання ваеннага патэнцыялу нашы суседзі актыўна прапаведуюць палітыку ізаляцыі і раздзяляльных ліній. Спектр найшырэйшы — ад незаконных эканамічных санкцый да закрытага неба і закрытых межаў“, — сказаў Лукашэнка.

Палітык лічыць, што трэба пастаянна адаптаваць АДКБ “пад выклікі і пагрозы бяспецы, якія змяняюцца, каб яна своечасова і максімальна эфектыўна рэагавала на іх“.

“З вайсковым кампанентам, антыкрызісным інструментарыем, барацьбой з тэрарызмам і наркатрафікам у нас быццам бы сістэма існуе“, — сказаў Лукашэнка, на думку якога “маецца шэраг выклікаў і пагроз як ваеннага, так і неваеннага характару, якія патрабуюць асаблівай увагі і рэагавання па лініі АДКБ ужо цяпер“.

Гэта штучны інтэлект, беспілотныя лятальныя апараты і “смяротныя аўтаномныя баявыя сістэмы, якія валодаюць алгарытмамі да саманавучання“, кібертэрарызм, “забеспячэнне бяспекі жыццёва важных аб’ектаў энергетычнай інфраструктуры, у першую чаргу АЭС і гідраэлектрастанцый”, пералічыў ён.

“Нарэшце, праблема закрыцця межаў для перамяшчэння тавараў і людзей. Гэтыя пытанні датычацца ўсіх дзяржаў-членаў АДКБ”, — сказаў на заканчэнне Лукашэнка.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёй 24 лютага 2022 года агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: