Спікер Сейма Літвы: Мы рады, што Літва стала прытулкам для беларускіх журналістаў у выгнанні

18 снежня, Позірк. Падчас глабальных канфліктаў барацьба вядзецца “не толькі на лініях фронту, але і ў інфармацыйнай прасторы”, заявіў спікер Сейма Літвы Юозас Олекас 18 снежня ў Вільнюсе на Форуме краін Балтыі і пераследаваных журналістаў “Журналістыка і дэмакратыя ў часы глабальнага канфлікту”.
“Нашыя ворагі выкарыстоўваюць розныя інструменты гібрыдных атак — дэзінфармацыю, фэйкавыя навіны, — сказаў ён. — Журналістам наканавана выконваць такую задачу — захоўваць свой прафесіяналізм у гэтых вельмі складаных варунках, але заставацца крыніцай вельмі важнай, празрыстай і праўдзівай інфармацыі”.
“Мы вельмі рады таму, што Літва стала прытулкам для беларускіх журналістаў у выгнанні і бяспечным месцам. Мы вітаем тое, што вы тут, спачуваем вашым асабістым ахвярам. Праз тое, што вы працягваеце супраціўляцца аўтарытарнаму рэжыму, вашая праца шануецца намі яшчэ больш”, — дадаў парламентарый.
Паводле слоў Олекаса, журналісцкая супольнасць краін Балтыі “таксама сутыкаецца з шырокімі выклікамі, <…> з рознымі атакамі прапагандысцкай машыны” і мусіць “захоўваць высокія стандарты дэмакратычнай журналістыкі”.
Спікер Сейма выказаў спадзеў на тое, што пэўныя рашэнні, якія будуць прынятыя на форуме, дапамогуць журналістам краін Балтыі “падтрымліваць гэтыя стандарты”.
“Хацеў бы сказаць, што нашая дзяржава бачыць гэтыя праблемы, мы разумеем, дзе мы працуем, і вітаем высілкі і намаганні, лічым, што можам рабіць іх толькі разам, — сказаў ён. — Я вельмі цешуся з таго, што я і нашая краіна можам зрабіць свой унёсак, садзейнічаць беларускім журналістам, якія працуюць тут, а таксама ўсім журналістам краін Балтыі”.
Старшыня Саюза журналістаў Літвы (СЖЛ) Аўдрыс Антанайціс, звяртаючыся да калегаў з Беларусі і краін Балтыі, заявіў, што для яго “вялікі гонар і доўг” размаўляць і абмяркоўваць з імі “салідарнасць, адзінства і ролю журналістаў у сучасным свеце”, калі “праблемы толькі назапашваюцца”.
“Літоўцы і беларусы былі суседзямі мноства стагоддзяў, — канстатаваў Антанайціс. — Мы разам стваралі культуры, маем супольную гісторыю. Зразумела, мы маем пэўныя дэбаты, дыскусіі, але няма нейкіх агромністых сварак, нет агромністых падзелаў паміж намі. Тое, што мы зараз разлучаныя вельмі доўгай мяжой паміж нашымі краінамі, гэта проста жах. Хто б мог падумаць, што некалі на літоўска-беларускай мяжы будзе пабудаваны мур. Ніхто пра гэта не думаў”.
Кіраўнік журналісцкай арганізацыі згадаў, што напрыканцы 1980-х гадоў, калі Літва, якая была “на першай лініі адраджэння”, сутыкнулася “са сваімі праблемамі”, беларускія журналісты ёй дапамаглі.
“Цяпер мы бачым, што часы змяняюцца, і мы са свайго боку гатовыя прыкладаць усе намаганні, каб дапамагчы вам здабыць сваю свабоду слова. Балюча бачыць, што некаторыя калегі застаюцца ў турмах — за тое, што яны проста думаюць і прамаўляюць свабодна. Так не можа адбывацца. Спадзяемся, сітуацыя будзе змяняцца, што гэтыя праблемы можна вырашыць цывілізаваным чынам”, — сказаў ён.
Антанайціс падкрэсліў, што “дэмакратыя — складаны, а не нейкі просты стыль жыцця”. “Мы не зычым вам простага жыцця, але зычым прайсці свой шлях цывілізавана”, — падсумаваў ён.
Форум арганізаваны Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ), СЖЛ, Сеймам Літвы, а таксама Службай інспектара па журналісцкай этыцы. У рамках сустрэчы запланаваныя дзве панэлі — “Дэмакратычныя каштоўнасці, глабальныя канфлікты і роля журналістаў”, а таксама “Сацыяльная роля журналістаў, СМІ і няўрадавых арганізацый — што мы можам зрабіць разам для бяспекі дэмакратычнага свету?”
Пасля падзей 2020 года ў Беларусі практычна не засталося незалежных грамадска-палітычных СМІ. Многія рэдакцыі пасля разгрому (вобшукі, канфіскацыя тэхнікі, арышты, блакаванне) або закрыліся, альбо былі вымушаны працягнуць працу за мяжой (у тым ліку ў Літве). Некаторыя незалежныя сеткавыя СМІ, якія засталіся ў краіне, у інтарэсах бяспекі пераключыліся на бытавыя тэмы.
Паводле даных БАЖ, на сённяшні дзень у няволі знаходзіцца не менш за 28 прадстаўнікоў медыя.


- ГрамадстваХроніка палітычных рэпрэсій за 16–17 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаКіраўнік БАЖ: Незалежная беларуская журналістыка — фактар рэгіянальнай бяспекіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа мінулыя суткі суседнія краіны ЕС зафіксавалі па адной спробе незаконнага пераходу мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла чацвёртае месца па росце цэн за 11 месяцаў 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
