Мінск 12:19

Развітанне з Мікітам Мелказёравым адбудзецца 30 снежня ў Варшаве

Мікіта Мелказёраў
Відэазапіс: ютуб-канал "Жыццё-маліна" / скрыншот: "Позірк"

24 снежня, Позірк. Развітанне з журналістам Мікітам Мелказёравым адбудзецца ў Варшаве 30 снежня з 12 да 15 гадзін (з 14 да 17 па мінскім часе), паведаміў у сацсетках яго сябар, спартыўны журналіст Аляксандр Івулін.

Адзначаецца, што ў мэтах бяспекі месца развітання будзе абвешчана пазней.

Івулін са спасылкай на просьбу родных Мелказёрава загадзя папрасіў “не здымаць і не фатаграфаваць” у зале.

22 снежня паведамлялася, што Акруговая пракуратура Варшавы пачала расследаванне ў сувязі са смерцю Мелказёрава. У адпаведнасці з асноўнай версіяй следства смерць была негвалтоўнай, але, згодна з законам, расследаванне распачата па артыкуле КК аб ненаўмысным забойстве.

23 снежня праведзена анатаміраванне цела, вынікі якога, паводле інфармацыі Івуліна, стануць вядомыя праз некалькі месяцаў.

Мелказёраў памёр у ноч на 21 снежня. Яму было 37 гадоў.

На пляцоўцы Buymeacoffee адкрыты збор сродкаў для блізкіх памерлага журналіста.

Журналіст апошнія гады пражываў у польскай сталіцы. Быў стваральнікам і вядучым ютуб-праекта “Жыццё-маліна”. Таксама вёў гістарычны праект на “Ютубе” “Загляне сонца”. Супрацоўнічаў з тэлеканалам “Белсат”.

У Польшчу эміграваў пасля падзей 2020 года пад пагрозай палітычнага пераследу. У Беларусі працаваў у газеце “Всё о футболе”, на парталах Onliner.by і “Трыбуна”.

Сёлета ў траўні Міністэрства ўнутраных спраў прызнала медыяпраект “Жыццё-маліна” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: