Мінск 10:27

ЕАБР чакае “працягу дадатнай дынамікі” заробкаў у Беларусі ў 2026 годзе

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

29 снежня, Позірк. У Беларусі рост заробкаў абумоўлены “захаваннем падвышанага попыту на працоўную сілу”, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Аналітыкі банка звярнулі ўвагу на тое, што “рэальныя заработныя платы павялічыліся на 8,4% г/г (год да года. — “Позірк”.) пасля 7% г/г у кастрычніку”.

“Чакаем працягу дадатнай дынамікі заработных плат на фоне прынятага рашэння пра падвышэнне базавай стаўкі аплаты працы на 8,8 працэнта з 1 студзеня 2026 года”, — гаворыцца ў дакуменце.

Праведзены раней “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта паказаў, што намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў лістападзе 2025 года быў на 54,9 рубля менш (-2%), чым у кастрычніку — 2.703,7 супраць 2.758,6.

У снежні 2024-га гэты паказчык складаў 2.693,9 рубля, студзені 2025-га — 2.427,4, лютым — 2.428,1, сакавіку — 2.601,8, красавіку — 2.613,5, траўні — 2.652,3, чэрвені — 2.717,8, ліпені — 2.772,4, жніўні — 2.762,7, верасні — 2.746,4.

У лістападзе спажывецкія цэны ў краіне выраслі на 0,38%. Прадтавары і безалкагольныя напоі падаражэлі на 0,83%, з улікам алкаголю і тытуню — на 0,76%, нехарчовыя тавары — на 0,02%, паслугі — на 0,14%.

Падзяліцца: