Ціханоўская пра падзеі ў Венесуэле: Падобна, нелегітымны Лукашэнка страціў яшчэ аднаго блізкага сябра

3 студзеня, Позірк. “Сёння маё сэрца з народам Венесуэлы”, — напісала ў сацсетцы Х 3 студзеня беларускі дэмакратычны Святлана Ціханоўская.
“Я спадзяюся, што нядаўнія падзеі прынясуць справядлівасць, свабоду і вяршэнства закона, якія венесуэльцы даўно заслужылі і за якія адважна змагаліся. Дыктатары не вечныя — і, падобна, сёння нелегітымны Лукашэнка страціў яшчэ аднаго блізкага сябра”, — падкрэсліла палітык.
У ноч на 3 студзеня ЗША нанеслі ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Венесуэлы. Паводле даных СМІ, гэта было зроблена па распараджэнні амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа.
Са спасылкай на відавочцаў паведамлялася таксама аб палётах над сталіцай краіны Каракасам авіяцыі ЗША.
Адзначалася што былі атакаваныя венесуэльская ваенная база ў Фуэртэ-Цівуна, дзе размяшчаюцца вышэйшае ваеннае кіраўніцтва і члены ўрада, дом міністра абароны Уладзіміра Падрына Лопеса, ваенны аэрадром Хенералісіма-Франсіска-дэ-Міранда. Таксама ў інтэрнэце распаўсюджана відэа, на якім гарыць будынак ваенна-гістарычнага музея, дзе знаходзіцца маўзалей папярэдняга прэзідэнта Уга Чавеса.
Мадура ўвёў у краіне надзвычайнае становішча. Пры гэтым пра яго месцазнаходжанне не паведамлялася. Пазней Трамп заявіў, што Мадура затрыманы і разам з жонкай вывезены з краіны.
Сенатар-рэспубліканец Майк Лі заявіў у сацсетцы Х са спасылкай на дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа, што Мадура затрыманы амерыканскімі вайскоўцамі і “паўстане перад судом паводле крымінальных абвінавачванняў у Злучаных Штатах”.
Рубіа, паводле слоў Лі, “не чакае ніякіх далейшых дзеянняў у Венесуэле цяпер, калі Мадура знаходзіцца пад вартай у ЗША”.
Раней Трамп неаднаразова пагражаў нанесці ўдары па Венесуэле, абвінавачваючы ўлады гэтай краіны ў “наркатэрарызме”. У 2025 годзе Вашынгтон павялічыў вайсковую прысутнасць ля берагоў Венесуэлы, амерыканскія вайскоўцы рэгулярна наносілі ўдары па малых судах, тлумачачы гэта тым, што яны перавозяць у ЗША наркотыкі.
Лукашэнка асудзіў “акт амерыканскай агрэсіі” супраць Венесуэлы. Міністэрства замежных спраў таксама асудзіла, але пры гэтым не згадала, ад каго зыходзіла “ўзброеная агрэсія”.
Мадура кіраваў Венесуэлай з 2013 года — пасля смерці ранейшага аўтарытарнага кіраўніка Уга Чавеса. Супраць Венесуэлы ўведзены шэраг міжнародных санкцый.
Парламенцкія і рэгіянальныя выбары прайшлі ў Венесуэле ў траўні. Паводле афіцыйных звестак, перамогу ў абедзвюх кампаніях атрымала кіруючая на чале з Мадура кааліцыя Вялікі патрыятычны полюс Сімона Балівара. У парламенце блок атрымаў 256 месцаў з 285. Апазіцыя заклікала да байкоту выбараў, паводле афіцыйных звестак, яўка склала менш за 43%.
У ліпені 2024-га ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, пераможцам якіх трэці раз аб’яўлены Мадура. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ён набраў 51,2% галасоў, нязначна апярэдзіўшы кандыдата аб’яднанай апазіцыі — былога дыпламата Эдмунда Гансалеса (44,2%). Паводле даных незалежных экзітполаў, Гансалеса падтрымала 65% выбаршчыкаў, а Мадура — ад 14% да 31%.
Пасля выбараў у краіне пачаліся пратэсты апазіцыі. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, У Каракасе паліцыя і ваенныя прымянялі супраць пратэстуючых слёзатачывы газ і гумовыя кулі. Пратэсты былі канчаткова задушаны ў пачатку жніўня мінулага года. Загінула сама меней 28 чалавек, каля 200 былі параненыя. Улады арыштавалі каля 2.000 чалавек, з’явіліся паведамленні аб тым, што некаторыя падвергліся катаванням.
Пасля частка апанентаў рэжыму была адпушчана з месцаў няволі.
Дэмакратычныя краіны не прызналі вынікі выбараў. Шэраг дзяржаў, у тым ліку ЗША, прызналі Гансалеса абраным прэзідэнтам. Ён быў змушаны пакінуць краіну з-за пагрозы арышту ў верасні мінулага гады.
Ціханоўская правяла некалькі сустрэч з Гансалесам.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка



