Мінск 04:53

У Польшчы выяўленыя чатыры партыі кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі з дапамогай аэрастатаў і дронаў

Фота: Памежная ахова Польшчы

9 студзеня, Позірк. У Польшчы выяўленыя чатыры партыі кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі па паветры, паведамляе Памежная ахова гэтай краіны.

Два пакеты з тытунёвымі вырабамі перапраўлена праз мяжу з дапамогай беспілотнікаў, яшчэ два — з дапамогай метэаралагічных шароў, удакладняе ведамства.

Адзначаецца, што кошт канфіскаваных цыгарэт перавышае 11 тыс. злотых (больш за 3 тыс. долараў).

За 2025 год польскія памежнікі зафіксавалі не менш за 185 выпадкаў кантрабанды цыгарэт аэрастатамі.

На 30 снежня 2025 года Падляскі аддзел памежнай аховы Польшчы, які працуе на мяжы з Беларуссю, зафіксаваў 135 такіх выпадкаў. Арыенціровачны кошт канфіскаваных цыгарэт — больш за 3,4 млн злотых (звыш 947 тыс. долараў).

На 15 снежня Надбужанскі аддзел памежнага ведамства, які ахоўвае мяжу з Беларуссю і Украінай, зафіксаваў больш за 50 выпадкаў, звязаных з нелегальным перамяшчэннем акцызных тавараў праз мяжу з дапамогай метэаралагічных шароў. Тады паведамлялася, што ацэначны кошт канфіскаваных цыгарэт — больш за 1 млн злотых (звыш 278 тыс. долараў).

28 снежня паведамлялася аб выяўленні 17 аэрастатаў з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі. 13 паветраных шароў знойдзена ў Падляскім ваяводстве, чатыры — у Люблінскім.

26 снежня паведамлялася аб выяўленні ў Польшчы сямі паветраных шароў.

Пра ўварванне ў Польшчу аэрастатаў з цыгарэтамі паведамлялася таксама 25 снежня.

Падзяліцца: