Мінск 03:47

Пацярпелых ад наступстваў непагадзі 9 студзеня няма — МНС

Відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

10 студзеня, Позірк. У Беларусі няма пацярпелых ад наступстваў непагадзі 9 студзеня — снегападу і ветру з парывамі да 17 метраў за секунду, вынікае з паведамлення прэс-службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

“Падраздзяленні МНС працягваюць ажыццяўляць маніторынг аператыўнай абстаноўкі, сілы і сродкі выратавальнага ведамства знаходзяцца ў гатоўнасці да рэагавання на няштатныя сітуацыі”, — адзначыла ведамства.

Паводле інфармацыі МНС, за мінулыя суткі ў выніку “сходу снегу” прарвалася паветраапорная мембрана тэнтавага футбольнага манежа ў Віцебску; у Магілёўскай вобласці адбылося частковае абрушэнне даху кароўніка на тэрыторыі малочнатаварнай фермы ў вёсцы Асавок (Асіповіцкі раён), а таксама каркаса цяпліцы ляснога гадавальніка ў пасёлку Брожа (Бабруйскі раён).

У краіне “фіксаваліся затрымік грамадскага і пасажырскага транспарту”.

Згодна з паведамленнем, работнікі МНС дапамаглі ачысціць ад снегу пад’язныя шляхі да 62 школ, 78 бальніц, 130 дзіцячых садкоў, 147 іншых аб’ектаў; ачысціць дахі аднаго дзіцячага садка і адной школы, а таксама двух іншых аб’ектаў.

Акрамя таго, работнікі падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях дапамаглі выняць з снежных заносаў 190 аўтамабіляў (у Віцебскай вобласці — 5, Гомельскай — 12, Брэсцкай — 13, Гродзенскай — 17, Мінскай — 49, Магілёўскай — 68, у Мінску — 26).

Да ліквідацыі наступстваў непагадзі прыцягнулі больш як 2,5 тыс. работнікаў МНС, задзейнічалі звыш 100 адзінак тэхнікі.

Падзяліцца: