Мінск 22:28

BelPol: У Беларусі няма комплексу “Арэшнік”, відэа Мінабароны пра яго размяшчэнне — пастановачнае

"Рытуал заступлення" на баявое дзяжурства ў Беларусі комплексу “Арэшнік”
Відэа: прэс-служба Мінабароны Стоп-кадр: “Позірк”

11 студзеня, Позірк. У Беларусь не завезены з РФ ракетны комплекс “Арэшнік”, заявы Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння з ліку сілавікоў аб пастаноўцы расійскага ўзбраення на баявое дзяжурства носяць прапагандысцкі характар. Пра гэта гаворыцца ў відэа аб’яднання BelPol, апублікаваным 11 студзеня на платформе “Ютуб” пад загалоўкам “Чаму “Арэшнік” — самая вялікая хлусня Лукашэнкі”.

Сярод іншага аўтары звяртаюць увагу на 35-секундны відэаролік, апублікаваны 30 снежня 2025 года Міністэрствам абароны. Ведамства сцвярджала, што на паказаных кадрах — “рытуал заступлення на баявое дзяжурства рухомага грунтавога ракетнага комплексу “Арэшнік”, дастаўленага ў Беларусь. Паводле звестак BelPol, гэта відэа — пастановачнае.

Аб’яднанне падкрэслівае, што такая інфармацыя атрыманая ім ад некалькіх незвязаных паміж сабой крыніц у Мінабароны.

“Няма абсалютна ніякіх доказаў таго, што відэа не было знятае ў Расійскай Федэрацыі”, — гаворыцца ў расследаванні арганізацыі.

Адзначаецца, што ў відэа Мінабароны “глядач убачыў усяго толькі тры машыны на маршы” — “машыну баявога ахоўвання, машыну забеспячэння баявога дзяжурства і, верагодна, камандны пункт дывізіёна”. Пры гэтым не паказаныя “ключавыя элементы” “Арэшніка”, у тым ліку мабільныя пускавыя ўстаноўкі.

BelPol звяртае ўвагу, што ў склад “Арэшніка” ўваходзіць мноства рабочай і ахоўнай тэхнікі, а таксама тэхнікі для абслугоўвання комплексу. У выніку, паводле ацэнак экспертаў, даўжыня перасоўнай калоны комплексу павінна складаць 400–650 метраў. Не заўважыць такую колькасць вайсковай тэхнікі з дапамогай спадарожнікавых здымкаў і іншых сродкаў выведкі немагчыма, мяркуе BelPol, — “асабліва пасля гучнай заявы аб наяўнасці “Арэшніка” на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

BelPol падкрэслівае, што для функцыянавання “Арэшніка” ў Беларусі павінна быць створаная асобная вайсковая структура — са штабам палка, стацыянарным вузлом сувязі і вышкай сувязі, карпусамі для пражывання і абслугоўвання асабістага складу, гаражамі і інш. “Схаваць будаўніцтва аб’екта такога кшталту вельмі цяжка”, — заяўляюць аўтары.

Нерэальна, на думку расследвальнікаў, таксама пабудаваць такія аб’екты за адзін год, які прайшоў пасля першай заявы Лукашэнкі аб жаданні размясціць у Беларусі “Арэшнік”.

Акрамя таго, гэта затратна, бо кошт адной мабільнай ўстаноўкі можа перавышаць 100 млн долараў, а цана ўсяго комплексу складзе арыентыровачна 1–2 млрд долараў. Пры гэтым гатоўнасць РФ узяць на сябе фінансаванне BelPol ацэньвае скептычна, таму што, паводле інфармацыі аб’яднання, расійскі бок і без таго мае праблемы з разлікамі па вайсковых заказах у Беларусі.

Гл. таксама:

“Арэшнік” можа быць разгорнуты ў “лічаныя хвіліны”, але гэта “досыць інтымнае пытанне” — Муравейка

Хрэнін далажыў Лукашэнку аб размяшчэнні “Арэшніка” ў Беларусі, Церцель — аб “прапановах ЗША” і кантактах з Польшчай

Украіна перадае партнёрам інфармацыю аб месцах размяшчэння “Арэшніка” ў Беларусі — Зяленскі (абноўлена)

Падзяліцца: