Мінск 12:41

Амбасадар Беларусі абмеркаваў з султанам Амана будучае пасяджэнне камітэта па супрацы

Фота ў тэлеграм-канале МЗС Беларусі

11 лютага, Позірк. Амбасадар Беларусі Яўген Сабалеўскі 10 лютага ўручыў даверчыя граматы султану Амана Хайсаму бін Тарыку аль Саіду, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Адзначаецца, што на сустрэчы яны “падкрэслілі актыўную дынаміку кантактаў на розных узроўнях”, “адзначылі зладжаныя намаганні бакоў па рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе сустрэч кіраўнікоў Беларусі і Амана ў 2024–2025 гадах”, “пацвердзілі намер працягнуць працу па рэалізацыі намечаных праектаў”.

Бакі таксама абмеркавалі “графік двухбаковых мерапрыемстваў на бліжэйшую перспектыву, уключаючы правядзенне першага пасяджэння сумеснага камітэта па супрацы і інвестыцыях”.

Міжурадавае пагадненне пра стварэнне гэтага камітэта было падпісанае 19 траўня 2025 года.

Падчас візіту ў Аман у снежні 2024 года Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў з султанам гэтай краіны “стан і перспектывы развіцця стасункаў”. Беларускі палітык тады заявіў, што Мінск і Маскат створаць “міжўрадавую камісію або камітэт” і выпрацуюць дарожную карту па двухбаковай супрацы.

Чарговы візіт Лукашэнкі ў Аман адбыўся напрыканцы лістапада — на пачатку снежня 2025 года.

27 студзеня 2026-га палітык падпісаў закон, які ратыфікуе пагадненне паміж урадамі дзвюх краін аб узаемным скасаванні віз.

Як адзначаў “Позірк”, дакумент вызначае, што беларусы могуць уязджаць у Аман, а аманцы — у Беларусь на падставе нацыянальных пашпартоў на тэрмін да 30 дзён з даты перасячэння мяжы. Пры гэтым агульны тэрмін бязвізавага знаходжання не павінен перавышаць 90 дзён на год.

Аманскі бок ратыфікаваў дакумент 12 лістапада 2025 года.

Падзяліцца: