Былы намеснік дырэктара мінскага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры пазбаўлены волі на 5 гадоў па справе аб карупцыі

26 лютага, Позірк. Былы намеснік дырэктара мінскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры (імя не называецца) прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда (ВС).
Суд Ленінскага раёна сталіцы, што прыняў такое рашэнне, як адзначаецца, таксама аштрафаваў мужчыну на 2.000 базавых велічынь (90.000 рублёў) і пазбавіў яго права на працягу 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
Ва ўласнасць дзяржавы канфіскаваны мабільны тэлефон, далучаны да матэрыялаў справы. У даход краіны таксама спагнана 1.397 рублёў 90 капеек — у лік выплаты “даходу, здабытага злачынным шляхам” (верагодна, раней не канфіскаваная або не вернутая самім фігурантам частка хабараў).
Паводле інфармацыі ВС, фігурант працаваў на згаданай пасадзе з 1 жніўня 2022 года. Сцвярджаецца, што не пазней за снежань 2023-га ён дамовіўся перадаць прадстаўніку рыэлтарскіх арганізацый фатаграфіі “праваўстаноўчых дакументаў на аб’екты нерухомасці” — за ўзнагароду ў памеры 10 долараў за кожны здымак. Доступ да такіх дакументаў мужчына меў “у сувязі з займаным службовым становішчам”.
З 1 снежня 2023 года па 15 красавіка 2025-га фігурант накіраваў здымкі дакументаў, якія тычыліся сама меней 582 аб’ектаў нерухомасці. За гэта ён з 1 студзеня 2024 года па 25 студзеня 2025-га, як адзначаецца, “прыняў ад хабарадаўцаў у Мінску ў некалькі прыёмаў” не менш за 16,4 тыс. рублёў.
Каб выканаць дамоўленасці, мужчына “ўваходзіў у інфармацыйныя сістэмы агенцтва і шукаў звесткі пра запытаныя аб’екты”. Ён жа вусна загадваў падначаленым, якія “не ведалі пра яго злачынны намер”, прадастаўляць яму рэгістрацыйныя справы, якія захоўваліся ў архіве. Неабходныя дакументы фігурант фатаграфаваў з дапамогай мабільнага тэлефона і перасылаў здымкі прадстаўніку рыэлтарскіх кампаній праз мэсэнджары.
Заяўлена, што фатаграфіі дакументаў на аб’екты нерухомасці давалі рыэлтарам “канкурэнтныя перавагі ў выглядзе доступу да інфармацыі пра права ўласнасці, а таксама кантакты уласнікаў”.
Падчас працэсу фігурант цалкам прызнаў віну. Змякчальнымі абставінамі “суд прызнаў чыстасардэчнае раскаянне ў здзейсненых злачынствах, наяўнасць на ўтрыманні малалетняга і непаўналетняга дзіцяці, ажыццяўленне дабрачыннага ўнёску”. Абставінаў, якія б абцяжарвалі яго становішча, не мелася.
10 лютага паведамлялася, што Генеральная пракуратура накіравала гэтую справу ў Мінскі гарадскі суд — для вызначэння падсуднасці.
У Беларусі пяты год запар пагаршаецца сітуацыя з карупцыяй, сведчыць “Індэкс успрымання карупцыі”, які штогод вылічваецца міжнароднай няўрадавай арганізацыяй Transparency International (штаб-кватэра ў Берліне).
Індэкс вызначаецца на аснове ўспрымання ўзроўню карупцыі экспертамі і прадстаўнікамі бізнесу 180 краін і тэрыторый. Дзяржавам надаюць балы — ад 0 (сур’ёзная карупцыя) да 100 (поўная адсутнасць карупцыі).
Па выніках 2025 года Беларусь набрала 31 бал (у 2024-м — 33, у 2023-м — 37, у 2022-м — 39, у 2021-м — 41, у лепшым для сябе 2020-м — 47) і падзяліла 124-е месца (годам раней 114-е) з Джыбуці, Манголіяй, Нігерам, Турцыяй і Узбекістанам.
Паводле даных Вярхоўнага суда Беларусі, якія раней прыводзіў “Позірк”, у студзені — чэрвені 2025 года за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў асуджана 304 чалавекі — на 7,3% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (328). З іх 84 прыгавораныя да пазбаўлення волі.
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-х гадоў шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.


- ГрамадстваПрыродаахоўная інспекцыя ў 2025 годзе канфіскавала на 13% менш незарэгістраванай зброі, чым у 2025-мМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ГрамадстваУ 2025 годзе істотна вырасла колькасць ахвяр пры ДТЗ з жывёламі — прыродаахоўная інспекцыяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваУ 2025 годзе за збыт наркотыкаў затрымана ў 6,6 раза менш падлеткаў, чым 10 гадоў тамуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваУ 2025 годзе спынена праца 39 інтэрнэт-крам па продажы наркотыкаў — МУС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені 2026 года колькасць занятых у эканоміцы зменшылася на 1,6 тыс. — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаПяць банкаў паведамілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентаміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаКолькасць ІП працягвае змяншацца, юрыдычных асоб — расціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

