Мінск 20:33

Арапорт Мінска папярэдзіў пра магчымыя змены праз сітуацыю на Блізкім Усходзе, рэйс з Дубая ўжо скасаваны

Скрыншот раскладу на сайце аэрапорта Мінска

28 лютага, Позірк. Скасаванне або карэктаванне часу вылету альбо прылёту асобных рэйсаў магчымае ў сувязі з закрыццём паветранай прасторы шэрага краін Блізкага Усходу, папярэджвае нацыянальны аэрапорт Мінск.

Сталічны авіятранспартны вузел заклікаў “пасажыраў, людзей, што сустракаюць і праводзяць”, улічваць гэтую інфармацыю пры планаванні паездкі ў аэрапорт, рэкамендаваў ім “сачыць за актуальным статусам патрэбнага рэйса на табло вылетаў/прылётаў на сайце аэрапорта або авіякампаніі”.

“Персанал аэрапорта робіць максімум высілкаў для больш хуткага забеспячэння ўсіх вытворчых працэсаў па абслугоўванні рэйсаў для мінімізацыі адхіленняў ад раскладу палётаў. Просім пасажыраў паставіцца з разуменнем да цяперашняй сітуацыі. Гарантаванне бяспекі палётаў — безумоўны прыярытэт”, — гаворыцца ў паведамленні.

Як вынікае з раскладу на сайце нацыянальнага аэрапорта Мінск, рэйс, які мусіў прыбыць у беларускую сталіцу з Дубая 28 лютага ў 23:45, скасаваны.

Ранкам 28 лютага Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі распачалі ваенныя дзеянні ў Іране, раздаліся выбухі ў Тэгеране, Ісфахане і Куме. Спачатку ўлады ў Тэль-Авіве заявілі пра “прэвентыўны” ўдар, а пазней абвясцілі пра пачатак аперацыі “Ільвіны рык”. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што яго краіна нанясе “цяжкі ўдар па тэрарыстычным рэжыме” і створыць умовы, “якія дазволяць іранскаму народу скінуць з сябе гэты цяжар”.

Міністэрства вайны ЗША абвясціла пра пачатак аперацыі “Эпічная лютасць”. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп выступіў са зваротам, у якім назваў яе мэты — знішчэнне ракет, разгром флоту, прадухіленне стварэння ядзернай зброі і свабода для іранскага народа.

“Мы зноў і зноў спрабавалі заключыць пагадненне [па згортванні іранскай ядзернай праграмы], а яны спрабавалі распрацаваць ядзерную зброю”, — сказаў ён. Трамп заклікаў іранцаў не выходзіць з дамоў: “Калі мы скончым — вазьміце ўладу”.

У сваю чаргу Іран спачатку запусціў ракеты па Ізраілі, а пасля — па амерыканскіх базах у краінах Блізкага Усходу.

Саудаўская Аравія асудзіла “абуральную іранскую агрэсію і грубае парушэнне суверэнітэту” ААЭ, Бахрэйна, Катара, Кувейта і Іарданіі, пацвердзіўшы гатоўнасць “задзейнічаць усе свае магчымасці для аказання ім садзейнічання ва ўсіх захадах, што яны робяць”. Яна таксама папярэдзіла Іран пра “цяжкія наступствы працягу парушэнняў суверэнітэту дзяржаў і прынцыпаў міжнароднага права”.

Ваенныя дзеянні на Блізкім Усходзе пачаліся праз некалькі дзён пасля чарговага раунда перагавораў па іранскай ядзернай праграме. Вашынгтон настойваў на тым, каб Тэгеран закрыў асноўныя ядзерныя аб’екты і перадаў ЗША ўвесь узбагачаны ўран, іранскія ўлады заявілі пра гатоўнасць заключыць пагадненне толькі пры скасаванні санкцый.

Падзяліцца: