Мінск 11:18

Беларусь наведаў краінавы рэферэнт МЗС Германіі

Беньямін Вальтэр (крайні справа) у Гістарычнай майстэрні імя Л. Левіна
Фота: амбасада Германіі ў Беларусі

21 сакавіка, Позірк. У Беларусь нанёс візіт краінавы рэферэнт МЗС Германіі Беньямін Вальтэр, паведаміла амбасада гэтай краіны ў Мінску.

“Мы радыя вітаць свайго калегу Беньяміна Вальтэра, рэферэнта па Беларусі ў Берліне, які ўпершыню прыехаў у Беларусь“, — гаворыцца ў паведамленні дыпмісіі.

19 сакавіка ён наведаў Гістарычную майстэрню імя Леаніда Левіна, “якая атрымала ад Федэральнага міністэрства замежных спраў фінансавую падтрымку ў памеры амаль 2,5 млн еўра”. Майстэрня знаходзіцца на месцы былога мінскага гета. Ля помніка “Яма” Вальтэр ушанаваў памяць расстраляных гітлераўцамі габрэяў.

20 сакавіка разам з групай маладых нямецкіх дыпламатаў рэферэнт наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”, створаны на месцы аднайменнай вёскі, якая была спалена 22 сакавіка 1943 года падчас нямецкай акупацыі.

“Агульная памяць была і застаецца падмуркам і зыходным пунктам для развіцця стасункаў паміж Германіяй і Беларуссю“, — падкрэсліла амбасада ФРГ.

Ці праводзіў Вальтэр падчас візіту палітычныя сустрэчы, не паведамляецца.

Германія не прызнае Аляксандра Лукашэнку абраным прэзідэнтам і падтрымлівае санкцыі супраць ягонага рэжыму.

Падзяліцца: