Мінск 15:30

Лукашэнка: Я хачу, каб мае падначаленыя былі гатовыя ваяваць

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

1 красавіка, Позірк. “Зараджанасць Узброеных сіл на адбіццё ворага, гатоўнасць імгненна рэагаваць на любы агрэсіўны рух” у бок мяжы Беларусі ёсць “безальтэрнатыўнай гарантыяй міру і бяспекі дзяржавы”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка ў Мінску на падвядзенні вынікаў комплекснай праверкі УС.

“Я хачу, каб мае падначаленыя былі гатовы ваяваць, — цытуе спікера неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы. — І калі мы будзем гатовыя ваяваць, нас будуць баяцца, і сюды ніхто не палезе. Вось мая мэта. <…> Мы ставілі ўдзельнікаў ва ўмовы, максімальна набліжаныя да рэальных выклікаў. Я б яшчэ дакладней сказаў, да вайны. Без аглядкі на надвор’е, час сутак і іншыя фактары, якія ўскладняюць сітуацыю выканання баявых задач”.

“Маюцца недахопы, але ў цэлым армія боегатовая. А ў прыватнасцях мы разбярэмся пасля”, — сказаў пазней у гутарцы з журналістамі Лукашэнка (на падставе паведамлення на яго сайце).

Паводле слоў палітыка, да кантрольных мерапрыемстваў былі прыцягнуты вайсковыя часці і падраздзяленні пастаяннай гатоўнасці Заходняга і Паўночна-Заходняга аператыўных камандаванняў, сіл спецыяльных аперацый, Вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны. Узровень задач, тэмп іх пастаноўкі і выканання “былі абумоўленыя сур’ёзнасцю геапалітычнай абстаноўкі, падзеямі і пагрозамі ў непасрэднай блізкасці да беларускіх межаў”.

Адзначаецца, што Лукашэнка “прыводзіў у баявую гатоўнасць вайсковыя часці, абыходзячы Міністэрства абароны і Генеральны штаб”. Схема была такой — ён “падпісваў распараджэнне пад грыфам “сакрэтна”, у якім была пазначаная задума будучай праверкі”, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч атрымліваў запячатаны пакунак з дакументам і выязджаў у вызначаную Лукашэнкам вайсковую часць. Да праверкі таксама быў прыцягнуты старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў.

З сярэдзіны студзеня па сярэдзіну сакавіка ў Беларусі на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі праходзіла раптоўная праверка боегатоўнасці ўсіх відаў і родаў Узброеных сіл — у абыход Міністэрства абароны.

Напрыканцы студзеня Мінабароны ініцыявала ўласную — “планавую” — комплексную праверку боегатоўнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі практычна няспынна праводзіць вучэнні сілавікоў, у тым ліку ў арміі.

Падзяліцца: