Мінск 12:34

Ціханоўская падтрымала Польшчу ў дзень памяці ахвяр Катынскага злачынства

Ілюстрацыйнае фота: David Tomaseti / unsplash.com

13 красавіка, Позірк. Словы падтрымкі на адрас Польшчы ў дзень памяці ахвяр Катынскага злачынства, які ў гэтай краіне адзначаецца 13 красавіка, выказала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Сёння мы ўзгадваем ахвяр Катынскага злачынства — больш за 22.000 польскіх афіцэраў і інтэлектуалаў, забітых на загад Сталіна, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — У гэты Дзень памяці мы шануем іх памяць і падтрымліваем Польшчу. Захоўваючы гісторыю жывой, мы гарантуем, што падобныя злачынствы ніколі не паўторацца”.

Катынскае злачынства (расстрэл) — масавыя забойствы ў Катыні пад Смаленскам ды іншых мясцовасцях СССР польскіх грамадзян, у асноўным палонных афіцэраў польскай арміі. Людзей расстрэльвалі ўвесну 1940 года, пасля таго як, згодна з польскай гістарыяграфіяй, увосень 1939-га — на змову з гітлераўскай Германіяй — СССР анексаваў усходнія землі Польшчы. Расстрэлы праводзіліся на падставе рашэння спецыяльнай “тройкі” НКУС СССР у адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 года.

10 красавіка 2010 года ў катастрофе польскага ўрадавага самалёта Ту-154М пад Смаленскам загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і яго жонка Марыя. Польская дэлегацыя накіроўвалася ў Катынь, каб ушанаваць памяць польскіх афіцэраў, забітых увесну 1940 года.

Падзяліцца: