Мінск 21:38

Ціханоўская звярнулася да Канады з шасцю “практычнымі прапановамі” аб падтрымцы беларусаў

Святлана Ціханоўская падчас слуханняў у Палаце абшчын парламента Канады
Трансляцыя: parlvu.parl.gc.ca / стоп-кадр: "Позірк"

14 красавіка, Позірк. З шасцю “практычнымі прапановамі” звярнулася Святлана Ціханоўская на пасяджэнні падкамітэта па міжнародных правах чалавека пастаяннага камітэта па замежных справах і міжнародным развіцці Палаты абшчын (ніжняй палаты) парламента Канады.

Слуханні “Актуальная сітуацыя з дэмакратыяй і становішча праваабаронцаў у свеце“ прайшлі 13 красавіка. Ціханоўская, якая выступала па відэаканферэнцсувязі, заклікала Канаду стаць “вядучым голасам за свабоду і дэмакратыю ва ўсім свеце і прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі”.

“І ў мяне ёсць некалькі практычных прапаноў для Канады. Па-першае, працягвайце ціск на рэжым, захоўвайце жорсткія санкцыі, патрабуйце вызвалення ўсіх палітвязняў, а таксама поўнага спынення рэпрэсій. У Канады ёсць рычагі ўплыву, а ў вас — улада”, — сказала Ціханоўская.

Другая прапанова — павелічэнне дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці, дэмакратычным сілам, культурным ініцыятывам і незалежным СМІ. “Такія праграмы, як “Журналісты за правы чалавека”, якія фінансуюцца Канадай, дапамагаюць умацаваць нашу сувязь з людзьмі на месцах і даваць ім праўду, а не прапаганду”, — падкрэсліла дэмлідар.

На яе думку, Канада можа падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі ахвярам рэпрэсій, які ініцыяваны дэмсіламі разам з Нарвегіяй і да якога ўжо далучылася 12 краін.

Трэцім пунктам Ціханоўская прапанавала далучыцца да намаганняў па прыцягненні беларускага рэжыму да адказнасці, у тым ліку ў рамках справы ў Міжнародным крымінальным судзе за злачынствы супраць чалавечнасці. “Мы павінны прыцягнуць вінаватых да адказнасці — не толькі за рэпрэсіі, але і за саўдзел у вайне Расеі і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь”, — заявіла палітык.

Па-чацвёртае, яна папрасіла дапамагчы беларусам у Канадзе, “каб яны адчувалі сябе тут у бяспецы”. “У нас ёсць невялікія, але вельмі актыўныя суполкі ў Манрэалі, Таронта і Ванкуверы. Стварыць спрошчаныя механізмы легалізацыі і даць ім неабходныя дакументы і прытулак. Прызнаць Беларусь небяспечнай краінай для вяртання і забараніць экстрадыцыю ў Беларусь”, — прапанавала Ціханоўская.

Пяты пункт — дапамагчы “падняць у ААН і АБСЕ пытанне аб транснацыянальных рэпрэсіях”. “І я ведаю, што Міністэрства замежных спраў Канады надае гэтаму шмат увагі. Мы павінны прадухіліць злоўжыванне дыктатарамі міжнароднымі механізмамі, уключаючы Інтэрпол, для палітычнага пераследу”, — адзначыла дэмлідар.

На заканчэнне яна заклікала парламентарыяў умацоўваць стасункі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Аб’яднаным пераходным кабінетам, сфармаваць групу за дэмакратычную Беларусь і арганізаваць супольныя мерапрыемствы, каб прыцягнуць увагу да Беларусі, Украіны і іх барацьбы за свабоду, бо гэтая барацьба “не ізаляваная, яна з’яўляецца часткай глабальнай барацьбы — за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека”.

Ціханоўская наведвала Канаду ў лістападзе 2022 года, красавіку 2024-га і лістападзе 2024-га.

Падзяліцца: