Ціханоўская абмеркавала з Наўседам падтрымку беларусаў у Літве

28 красавіка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам абмеркавала пытанні “падтрымкі беларусаў у Літве”, паведамляе яе прэс-служба.
Сустрэча прайшла ў Дуброўніку (Харватыя) на палях саміту Ініцыятывы трох мораў.
Акрамя становішча суайчыннікаў у балтыйскай дзяржаве, бакі разгледзелі праблематыку вызвалення палітычных зняволеных і сітуацыю вакол Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
“Была рада сустрэцца з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Мы абмеркавалі бягучыя падзеі ў Беларусі і Літве. Вельмі ўдзячная за нязменную і паслядоўную падтрымку беларусаў у Літве. Асабліва цаню прынцыповую пазіцыю Літвы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі”, — адзначыла палітык.
Таксама Ціханоўская правяла ў Дуброўніку сустрэчы з міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Харватыі Горданам Грліч-Радманам, амбасадарам па міжнародных справах Міністэрства замежных спраў Германіі Хельгай Шмід.
На 29 красавіка ў Ціханоўскай, як адзначае яе прэс-служба, запланаваныя “кароткае рукапацісканне” з прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам, сустрэчы з міністрам замежных спраў Румыніі Оанай-Сільвіяй Цою і спікерам парламента Эстоніі Лауры Гусарам.
Саміт у Харватыі праходзіць 27–29 красавіка. Ціханоўская другі раз бярэ ў ім удзел. Акрамя яе, у склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць дыпламатычны дарадца, кіраўнік аддзела міжнародных стасункаў Дзяніс Кучынскі і прадстаўнік па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
Выступаючы на падобным саміце ў 2025 годзе (прайшоў у Варшаве), дэмлідар падкрэсліла, што Беларусь павінна быць не ваенным плацдармам Расіі, а часткай стабільнага і бяспечнага рэгіёна.
“Я выступаю за тое, каб Беларусь вярнулася ў еўрапейскую прастору — не толькі палітычна, але і эканамічна, лагістычна, энергетычна, — сказала яна. — Ініцыятыва Трохмор’я — гэта тая платформа, дзе мы можам будаваць будучыя партнёрствы для свабоднай Беларусі”.
Дэмлідар падкрэсліла, што “ізаляцыя Беларусі, якую праводзіць рэжым” Аляксандра Лукашэнкі, супярэчыць інтарэсам народа і “адрывае краіну ад супрацоўніцтва” з суседнімі дзяржавамі.
Членамі Ініцыятывы трох мораў (Трохмор’е, Балта-Адрыята-Чарнаморская ініцыятыва) — рэгіянальнага форуму шматбаковага супрацоўніцтва — з’яўляюцца Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Грэцыя, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія і Эстонія; статус партнёра маюць Албанія, Малдова, Чарнагорыя і Украіна, стратэгічнага партнёра — Іспанія і Турцыя.

- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ПалітыкаВячорка: Вызваленне Пачобута не добрая воля Лукашэнкі, а абмен, як у часы "халоднай вайны" ці палоннымі паміж Расіяй і УкраінайМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ГрамадстваУ 2025 годзе ў Беларусі нарадзілася амаль удвая менш дзяцей, чым у 1995-м (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка


