Мінск 21:15

Вячорка: Цяпер мы не толькі прасіцелі, але і кантрыб’ютары, трэба быць роўнымі партнёрамі, а не толькі з працягнутай рукой

Франак Вячорка
Фота: "Позірк"

2 траўня, Позірк. “Мы не толькі прасіцелі цяпер, мы кантрыб’ютары (тыя, хто робіць унёсак. — “Позірк”.). І як толькі еўрапейскія, заходнія партнёры пабачаць, як мы можам шмат даць, а не толькі узяць нейкую дапамогу на нашыя ініцыятывы, інвестыцыі палітычныя ў нашу супольнасць будуць нашмат большыя”. Такое меркаванне выказаў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка на дыскусіі “Палітычная адвакацыя: выклікі і магчымасці” ў межах V Канферэнцыі беларусаў свету (1-2 траўня, Варшава).

“Трэба быць роўнымі партнёрамі, а не толькі з працягнутай рукой”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Вячоркі, ужо ёсць прыклады, калі беларусы дзеляцца з еўрапейцамі досведам і ведамі. “Гэта тое, што тычыцца ваеннага развіцця Расіі, інфраструктуры. І тое, што робіць НАУ (Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі. — “Позірк”.), само сабой. <…> Многія санкцыі еўрапейскія, украінскія ўведзеныя на аснове матэрыялаў і каманды Пал Палыча, і BelPol, “Беларускага Гаюна” (маніторынг ваеннай актыўнасці ў Беларусі, спыніў працу з-за праблемы ў сістэме бяспецы, шмат удзельнікаў арыштавана. — “Позірк”.), iSans. Гэта ўсё унікальная беларуская экспертыза, і ў нас адныя з найлепшых экспертаў насамрэч, якіх мы недаацэньваем”, — лічыць дарадца дэмлідара.

Вячорка адзначыў, што BelPol “ездзіць па брыфінгах для міністэрстваў, для спецслужб самых розных краін і яны цэняцца як адны з найлепшых экспертаў; і нават для украінцаў беларуская экспертыза вельмі карысная, вельмі ўнікальная, яны вельмі ўдзячныя за гэтую супрацу”.

Яшчэ дзвюмя сферамі, дзе беларусы могуць быць карыснымі, ён назваў ІТ і СМІ. “Беларускія медыя — адныя з найлепшых. Ва ўмовах адсутнасці рэсурсаў, абмежаваных магчымасцяў беларускія журналісты ствараюць фантастычныя прадукты, дасягаюць аўдыторыю па-за межамі краін знаходжання — у Беларусі”, — падкрэсліў Вячорка.

На яго думку, журналісты “могуць чытаць лекцыі, праводзіць трэнінгі, школы і гэтым піярыць беларускі кейс”.

“У Еўропе зараз новыя прыярытэты. Канешне, у першую чаргу бяспека, але з 2030 года пачынаецца вялікая праграма European Democracy Shield (“Шчыт еўрапейскай дэмакратыі”. — “Позірк”.): уся дапамога Еўрасаюза будзе накіраваная праз прызму “як умацаваць еўрапейскую дэмакратыю, еўрапейскую ўстойлівасць, еўрапейскую ідэнтычнасць”. І тут беларусы якраз маюць унікальныя прыклады, як мы гэта робім. Проста ўбудоўвацца ў прыярытэты Еўрасаюза у першую чаргу як нашага асноўнага партнёра”, — прапанаваў Вячорка.

Ён узгадаў стваральніка платформ “Голас” (для альтэрнатыўнага падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах-2020) і “Новая Беларусь” Паўла Лібера, які цяпер дапамагае Малдове, Славакіі, Румыніі, “адсочваў, як расійская прапаганда пранікае і ўмешваецца ў еўрапейскія выбары”.

Акрамя таго, дадаў Вячорка, “ёсць выдатны прыклад культурнай дыпламатыі” — беларускія суполкі. “Гэта таксама добрыя прыклады для іншых дыяспар. Гэта пра тое, што аб’ядноўвае Беларусь і Еўропу і ўзмацняе еўрапейскую ідэнтычнасць”, — заявіў галоўны дарадца Ціханоўскай.

Падзяліцца: