Мінск 16:43

Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і амбасада Вялікабрытаніі ў Сусветны дзень свабоды друку заявілі пра “ключавую ролю незалежных СМІ”

Ілюстрацыя: прадстаўніцтва ЕС у Беларусі

3 траўня, Позірк. Пра “ключавую ролю свабодных, незалежных СМІ і мужнасць журналістаў” заявілі ў Сусветны дзень свабоды друку прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі і амбасада Вялікабрытаніі.

У заяве, апублікаванай на старонках дыпмісій у “Фэйсбуку”, звяртаецца ўвага, што ў “апошнім Індэксе свабоды прэсы Беларусь займае 166-е месца (у рэчаіснасці 165-е. — “Позірк”.) — адно з горшых у свеце”.

“Журналісты сутыкаюцца з пераследам, турэмнымі тэрмінамі і рэпрэсіямі за праўду. Мы заклікаем да свабоднай прэсы ў Беларусі і вызвалення ўсіх затрыманых журналістаў”, — гаворыцца ў заяве.

Пры гэтым прадстаўніцтва ЕС у Беларусі апублікавала заяву прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас, якая з нагоды Сусветнага дня свабоды друку адзначыла сярод іншага, што ЕС працягне абараняць незалежную журналістыку “ва ўсім свеце”.

“Свабодная прэса важная для дэмакратыі. Ва ўсім свеце журналістам пагражаюць, адпраўляюць у выгнанне, затрымліваюць або забіваюць за выкананне сваёй працы, як мы бачылі ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і ў канфліктах на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы”, — падкрэсліла Калас.

Незалежныя сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца “люстэркам таго, што насамрэч адбываецца ў грамадстве”, заявіла раней дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Сусветны дзень свабоды друку, які адзначаецца 3 траўня.

“У Беларусі праўда стала небяспечнай, і цяпер за кожным журналісцкім матэрыялам стаіць не проста прафесійная адказнасць, але і чалавечая рызыка. Беларускія журналісты, якія сумленна робяць сваю працу, плацяць за гэта высокую цану: арыштамі, турмамі, вымушанай эміграцыяй”, — падкрэсліла палітык.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі разграміў недзяржаўныя СМІ, вымусіўшы многія рэдакцыі пакінуць краіну і працягнуць працу за мяжой.

У Беларусі з 2020 года працягваецца пераслед прадстаўнікоў СМІ. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у няволі застаюцца 22 супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Падзяліцца: