Мінск 18:03

Беларускія танкісты скончылі месячнае навучанне ў Расіі ў інструктараў “з досведам СВА”

Відэа: Мінабароны Стоп-кадр: “Позірк”

4 траўня, Позірк. Навучанне ў Расіі скончыла адно з танкавых падраздзяленняў Узброеных сіл, паведамляе Міністэрства абароны.

Навучанне пачалося 1 красавіка. Адзначаецца, што яно “будавалася вакол танкаў Т-72Б3”, вайскоўцы атрымалі “добры досвед і навучыліся дзеянням з новым комплексам узбраення пры правядзенні тактычнага занятку”.

Заяўляецца, што ўсе інструктары, у якіх навучаліся беларускія танкісты, “маюць досвед спецыяльнай ваеннай аперацыі і непасрэдна вучаць таму, што трэба на лініі баявога судакранання”.

28 сакавіка мінулага года Мінабароны заяўляла аб адпраўцы беларускіх танкістаў для навучання на базе 333-га цэнтра баявой падрыхтоўкі ў пасёлку Муліна (Ніжагародская вобласць РФ).

Тады начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі УС Уладзімір Белы адзначыў, што мерапрыемства прадугледжана планам двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва з Узброенымі сіламі РФ.

Аналагічную падрыхтоўку беларускія танкісты прайшлі ў Расіі ў верасні 2024 года. Тады ў ведамстве адзначалі, што “з улікам таго, што адбываецца ў свеце і асабліва вакол Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўка з прамымі ўдзельнікамі СВА вельмі актуальная для нашых падраздзяленняў”.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі практычна безупынна праводзіць вучэнні сілавікоў, у тым ліку ў войску.

Падзяліцца: