Мінск 16:50

На вучэннях у Беларусі трэніруюцца ліквідаваць наступствы паветраных удараў

Ілюстрацыйнае фота: U.S. Army / NARA (public domain)

12 траўня, Позірк. Камандна-штабныя вучэнні з органамі вайсковага кіравання і часткамі тэхнічнага забеспячэння праходзяць 12–14 траўня ў Беларусі пад кіраўніцтвам намесніка міністра абароны па ўзбраенні — начальніка ўзбраення Узброеных сіл Андрэя Фядзіна, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, на вучэннях адпрацоўваецца кіраванне сіламі і сродкамі тэхнічнага забеспячэння ў рамках аперацыі УС па крызісным рэагаванні, аднаўленне ўзбраення ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, забеспячэнне жывучасці сіл і сродкаў тэхзабеспячэння, а таксама “ліквідацыя наступстваў удараў сродкаў паветранага нападу праціўніка”.

З сярэдзіны студзеня па сярэдзіну сакавіка ў Беларусі на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі праводзілася раптоўная праверка боегатоўнасці ўсіх відаў і родаў УС — у абыход Міністэрства абароны. Па яе выніках ініцыятар заявіў 1 красавіка: “Я хачу, каб мае падначаленыя былі гатовыя ваяваць. Калі мы будзем гатовыя ваяваць, нас будуць баяцца (гэта немалаважна) і сюды ніхто не палезе”.

Напрыканцы студзеня Мінабароны ініцыявала ўласную — “планавую” — комплексную праверку боегатоўнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі практычна няспынна праводзіць вучэнні сілавога блока, у тым ліку войска.

Падзяліцца: