Мінск 19:53

Лукашэнка хоча супрацоўнічаць са Свярдлоўскай вобласцю РФ у прамысловасці, у тым ліку вайсковай

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

18 траўня, Позірк. Беларусь і Свярдлоўская вобласць Расіі маюць магчымасці ўзаемадзейнічаць у галіне паставак сельскагаспадарчай прадукцыі і мінеральных угнаенняў, машына- і станкабудавання, нафтаперапрацоўкі, прамысловай кааперацыі, вайскова-прамысловага комплексу, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 траўня ў Мінску на сустрэчы з губернатарам гэтага суб’екта РФ Дзянісам Паслерам.

“Прамысловая кааперацыя — гэта аснова будучая нашага развіцця, узаемаадносін паміж Беларуссю і Расіяй, — цытуе спікера неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы. — Мы гатовыя пашыраць гэтую супрацу ў плане кааперацыі. Маюцца добрыя прыклады супрацы. <…> Калі заходнія кампаніі, амерыканскія ды іншыя, сышлі з рынку нашага і расійскага, у нас з’явіліся новыя магчымасці. І ў гэтым кірунку мы таксама гатовыя працаваць”.

“Думаю, нам трэба глядзець на сваё. Гэтыя так званыя санкцыі паказалі нам, што трэба арыентавацца на сваё, імпартазамяшчэннем займацца ды іншымі кірункамі для таго, каб ствараць сваё. <…> З задавальненнем чую пра тое, што і самалёты з’яўляюцца свае, грамадзянскія ў тым ліку, я ўжо не кажу пра ВПК, які атрымаў у вас вельмі сур’ёзнае разьвіццё. А гэта, у сваю чаргу, і нас цягне за сабой, бо мы з рамонту тэхнікі, мы пачынаем ужо вырабляць і бронетэхніку, і самалёты, і суднабудаванне ў нас развіваецца. Не ў рамонтным кірунку, а ў стварэнні сучасных комплексаў, сучасных машын”, — заявіў Лукашэнка.

На яго думку, супраца Беларусі і Свярдлоўскай вобласці ідзе паспяхова. Палітык адзначыў, што за апошнія гады дасягнуты тавараабарот “каля аднаго мільярда долараў”, але патэнцыял абодвух партнёраў дазваляе “дасягаць значна больш амбітных вынікаў”.

“Разумеючы маштаб і разумеючы тыя аб’ёмы, якія вы можаце вырабляць і мы, мільярд — гэта проста для нас прахадная лічба. І справа часу, каб маглі нават падвоіць гэты тавараабарот”, — заявіў ён.

Паводле даных прэс-службы Лукашэнкі, калі ў 2021 годзе тавараабарот Беларусі і Свярдлоўскай вобласці РФ складаў “крыху менш за 500 млн долараў”, то па выніках 2025-га ён “ушчыльную наблізіўся да 930 млн”.

За першы квартал 2026-га тавараабарот “дасягнуў амаль 224 млн долараў, што практычна на 3% вышэй за ўзровень за аналагічны леташні перыяд”. Доля беларускага экспарту — больш за 157 млн ​​долараў. Адзначаецца, што ў згаданы расійскі рэгіён Беларусь пастаўляе “пераважна прылады на вадкіх крышталях, лазеры, сыры і тварог, вырабы з чорных металаў, касметыку”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследавальнікі неаднаразова паведамлялі, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: