Мінск 19:07

Лукашэнка падпісаў указ аб зменах у дагаворы аб ЕАЭС

18 траўня, Позірк. Указ № 166 падпісаў 18 траўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Дакументам “у якасці асновы для правядзення перамоў” ухвалены праект пратакола аб унясенні змяненняў у дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 траўня 2014 года, гаворыцца ў паведамленні.

Удакладняецца, што змяненні датычацца “аказання фінансавага садзейнічання пры рэалізацыі дзяржавамі — членамі ЕАЭС сумесных кааперацыйных праектаў у галінах аграпрамысловага комплексу”.

На правядзенне згаданых перамоў упаўнаважана Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Аб неабходнасці “новага этапу інтэграцыйнага ўзаемадзеяння” краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета 27 сакавіка ў Шымкенце (Казахстан).

Паводле яго слоў, фарміраванне “эканомікі будучыні” немагчыма без “развіцця прамысловага патэнцыялу і кааперацыі ў навукова-тэхнічнай, інавацыйнай, вытворчай сферах”.

“Пакуль што, нягледзячы на намаганні, што прымаюцца, эфектыўная кааперацыя паміж нашымі краінамі запускаецца вельмі павольна. Больш за тое, часам замест кааперацыі мы сваімі рукамі ствараем канкурэнцыю паміж сабой”, — сказаў чыноўнік.

Важным складнікам рэгіянальнай інтэграцыі з’яўляецца харчовая бяспека, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 30 верасня 2025 года ў Мінску з кіраўнікамі некаторых краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

“Не проста развіццё сельскай гаспадаркі, а менавіта харчовая бяспека, — сказаў ён. — Гэта пытанне сацыяльнай стабільнасці і, без перабольшання, існавання народаў і дзяржаў (асабліва сёння, калі амаль мільярд насельніцтва ў свеце галадае)”.

Паводле яго слоў, да такога меркавання ўлады ў Мінску прыйшлі ўжо даўно, а ўведзеныя супраць Беларусі “дзікія санкцыйныя абмежаванні толькі пацвердзілі правільнасць узятага курсу на дасягненне самазабеспячэння па самых крытычных пазіцыях”.

Ён заявіў, што “ўсё неабходнае для паспяховай кааперацыі краін у аграпрамысловай сферы маецца”.

ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года).

Краіны-назіральнікі — Куба, Малдова, Узбекістан. Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС падпісалі В’етнам, Сербія і Сінгапур.

Гл. таксама:

За чатыры месяцы сельгасвытворчасць павялічылася на 2,9%

Па выніках першага квартала Беларусь заняла 3-е месца ў ЕАЭС паводле вытворчасці сельгаспрадукцыі, месяц таму была на 2-м

У студзені — лютым Расія павялічыла на 20% экспарт сельгаспрадукцыі ў Беларусь

Падзяліцца: