Мінск 18:00

Ціханоўская сустрэлася з новым прэм’ер-міністрам Нідэрландаў

Фота: Прэс-служба Святланы Ціханоўскай

28 траўня, Позірк. Быць “моцным голасам свабоднай Беларусі ў Еўрасаюзе — у тым ліку падчас пасяджэнняў Еўрасавета і іншых міжнародных сустрэчаў” заклікала дэмлідар Святлана Ціханоўская новага прэм’ер-міністра Нідэрландаў Роба Йетэна падчас сустрэчы з ім ў Гаазе 28 траўня.

Паводле яе прэс-службы дэмлідара, бакі абмеркавалі падтрымку Украіны і Беларусі ў кантэксце агульнай еўрапейскай бяспекі, дапамогу беларускім незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасці праз нідэрландскія праграмы.

Таксама гаворка ішла аб магчымым далучэнні Нідэрландаў да Міжнароднага гуманітарнага фонду для дапамогі беларускім палітвязням, былым палітзняволеным і іх сем’ям, міжнароднай адказнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і “паслядоўнасці палітыкі ЕС адносна Беларусі”.

Ціханоўская падзякавала амбасадзе краіны ў Варшаве за дапамогу ў супольных мерапрыемствах і ініцыятывах.

Асобна абмеркавалі ролю Нідэрландаў як краіны, якая “можа дапамагаць узмацняць сувязь паміж краінамі Балтыі, Польшчай, Паўночнай Еўропай і Заходняй Еўропай у пытаннях Беларусі”.

“Прэм’ер-міністр пацвердзіў: пасля змены ўрада пазіцыя Нідэрландаў адносна Беларусі застаецца паслядоўнай”, — сцвярджаецца ў рэлізе.

“Для нас вельмі важна, што Нідэрланды захоўваюць прынцыповую і паслядоўную пазіцыю па Беларусі. Менавіта выразная стратэгія дае канкрэтныя вынікі. Падтрымка беларусаў — гэта ўклад у бяспеку ўсёй Еўропы. І мы ўдзячныя за гэта”, — адзначыла Ціханоўская.

Апошні раз палітык наведвала краіну з двухдзённым візітам у кастрычніку 2025 году, яна праводзіла сустрэчы ў Гаазе і Амстэрдаме з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Дзікам Схофам, кіраўніком МЗС краіны Дэвідам ван Вілам, з амбасадарамі краін ЕС дэлегацыі Еўрапейскай камісіі.

Роб Йетэн (39 год) заняў пост прэм’ера Нідэрландаў ў лютым 2026 года.

Падзяліцца: