Мінск 18:12

Мінск робіць унёсак ва ўмацаванне міру “не на словах, а на справе”, заявіў беларускі дыпламат у ААН

Партыя мадэрнізаваных танкаў Т-72БМ2, якая нядаўна паступіла ў войска Беларусі
Фота: прэс-служба Мінабароны

29 траўня, Позірк. Беларусь робіць свой унёсак ва ўмацаванне міру, устойлівага развіцця і міжнароднай супрацы “не на словах, а на справе”, актыўна прасоўваючы ідэю “пра аднаўленне шырокага міжнароднага дыялога па аднаўленні мер даверу, бяспекі і супрацы”, заявіў намеснік пастаяннага прадстаўніка краіны ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Аляксей Панфёраў на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, дыпламат выступіў у рамках адкрытых спрэчак на тэму “Адстойванне мэтаў і прынцыпаў Статута ААН і ўмацаванне міжнароднай сістэмы, у якой цэнтральнае месца займае ААН”.

“Прынцыпы шматбаковасці ў міжнародных стасунках цалкам ігнаруюцца, — заявіў прадстаўнік Мінска. — Узброеныя канфлікты, палітычная барацьба паміж наймацнейшымі дзяржавамі свету, інфармацыйныя войны, нічым не прыкрытая “траўля” непажаданых краін — яскравы таму доказ”.

Паводле яго сцвярджэння, “дэградуюць асноўныя шматбаковыя дакументы ў сферы падтрымання міжнароднага міру і бяспекі”, “разбурэннем кранутыя рэжымы ў галіне раззбраення і нераспаўсюду”.

“Усё гэта падводзіць свет да мяжы, за якой выразна назіраецца ядзерная пагроза”, — заявіў намеснік пастаяннага прадстаўніка Беларусі — краіны, якая размясціла на сваёй тэрыторыі расійскую ядзерную зброю.

У цяперашніх ваенна-палітычных умовах дасягненне ключавой мэты Дагавора аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ), на яго думку, з’яўляецца “цяжкавыканальнай, а дакладней, абсалютна нерэалістычнай задачай”.

“Аднак мы перакананыя, што неабходна настойліва працягваць паэтапны, паслядоўны дыялог пры ўмове захавання ўсімі дзяржавамі ключавых прынцыпаў: узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў усіх бакоў, адмовы ад выкарыстання або пагрозы выкарыстання сілы, а таксама забеспячэння роўнай і непадзельнай бяспекі”, — сказаў Панфёраў.

Дыпламат таксама заявіў, што “санкцыі ў абыход Статута ААН маюць быць выкараненыя як з’ява”, і выказаў салідарнасць “з усімі краінамі, якія сталіся ахвярамі падобнай палітыкі”. Ён “асабліва падкрэсліў” неабходнасць “неадкладнага зняцця ўсіх абмежавальных мер і скасавання эканамічнай і фінансавай блакады Кубы”.

Беларусь, паводле яго слоў, выступае супраць палітыкі сілы і дамінавання. “Мы не прымаем спробаў перапісаць міжнародныя правілы ў аднабаковым парадку — у інтарэсах толькі выбраных дзяржаў. Гэта прамая пагроза шматбаковай сістэме, якую ААН абавязаная абараняць”, — сказаў Панфёраў.

Спікер заявіў, што Беларусь застаецца адкрытай для “ўзаемавыгаднай і паважлівай супрацы з усімі без выключэння дзяржавамі”.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў.

На мінулым тыдні Беларусь і Расія правялі вучэнні, звязаныя з баявым выкарыстаннем ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння.

21 траўня ў рамках сумеснай трэніроўкі ракетную брыгаду Узброеных сіл у Асіповіцкім раёне (Магілёўская вобласць) наведаў Аляксандр Лукашэнка. Адтуль ён звязаўся з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і расійскімі генераламі.

Размаўляючы са СМІ, Лукашэнка ў чарговы раз заявіў пра падрыхтоўку Беларусі да вайны.

Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Ігар Сякрэта сказаў 28 траўня, што праведзеныя Беларуссю сумесна з Расіяй ядзерныя трэніроўкі “цалкам адпавядаюць” ДНЯЗ, з’яўляюцца “аналагам натаўскай практыкі сумесных ядзерных місій і маюць выключна абарончы характар”.

Міністэрства замежных спраў Украіны ў сваёй заяве ад 18 траўня ахарактарызавала “размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі і сумесныя ядзерныя вучэнні дзвюх дыктатур” як “беспрэцэдэнтны выклік архітэктуры глабальнай бяспекі” і заклікала да “рэзкага ўзмацнення санкцыйнага ціску на Маскву і Мінск”.

Падзяліцца: