Мінск 17:04

На Генасамблеі ААН Беларусь прагаласавала супраць грузінскай рэзалюцыі пра ўцекачоў

Ілюстрацыйнае фота: Loey Felipe / UN Photo

5 чэрвеня, Позірк. Беларусь у ліку васьмі краін прагаласавала супраць прыняцця на Генеральнай Асамблеі ААН рэзалюцыі, ініцыяванай Грузіяй, якая пацвярджае права ўсіх уцекачоў і ўнутрана перамешчаных асоб вярнуцца ў Абхазію і Цхінвальскі рэгіён.

Медыяслужба ААН паведамляе, што апрача Беларусі супраць выступілі таксама Бурундзі, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Куба, Нікарагуа, Расія, Судан ды Экватарыяльная Гвінея.

Дакумент быў прыняты — яго падтрымала 107 дзяржаў (устрымалася — 55).

Рэзалюцыя пацвярджае права ўсіх вымушаных перасяленцаў і ўцекачоў (незалежна ад іх этнічнай прыналежнасці) вярнуцца ў свае дамы ў бяспечных і годных умовах; асуджае гвалтоўныя дэмаграфічныя змены на тэрыторыях, якія Тбілісі лічыць акупаванымі Расіяй, а таксама заклікае паважаць маёмасныя правы перамешчаных асоб.

Прадстаўляючы тэкст рэзалюцыі, грузінскі бок заявіў, што выступае ад імя сотняў тысяч унутрана перамешчаных асоб і ўцекачоў, якія былі вымушаныя пакінуць акупаваныя рэгіёны краіны. Тбілісі падкрэсліў, што дакумент не скіраваны “супраць якога-небудзь боку” і не ставіць за мэту “ўскладанне віны за абставіны, якія прывялі да вымушанага перамяшчэння”.

Грузія ініцыявала прыняцце гэтай рэзалюцыі ў 2008 годзе. З таго часу галасаванне па ёй у ААН праходзіць штогод.

Абхазія і Паўднёвая Асеція — самаабвешчаныя дзяржавы на тэрыторыі Грузіі. На сённяшні дзень са 193 дзяржаў — членаў ААН іх незалежнасць прызналі пяць краін — Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасць згаданых суб’ектаў.

Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім Абхазію і Паўднёвую Асецію актыўна падтрымала РФ, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтымі тэрыторыямі.

У 2023 годзе Абхазія і Паўднёвая Асеція заявілі пра жаданне больш шчыльнай супрацы з Саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі. Сухумі заявіў пра намер уступіць у СД, Цхінвалі — пра пашырэнне ўзаемадзеяння ў сацыяльна-эканамічных, культурных, партыйных ды іншых галінах.

Падзяліцца: