Мінск 18:28

Прампрадпрыемствы Мінска недастаткова актыўна дамагаюцца вяртання даўгоў, што назапасіліся перад імі — пракуратура

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

5 чэрвеня, Позірк. Не ўсе прамысловыя прадпрыемствы Мінска, што “дазволілі ўтварыцца пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці” (то бок перад якімі даўно завінаваціліся іншыя арганізацыі) зрабілі “вычарпальныя захады па яе спагнанню” з дапамогай “прэтэнзійных лістоў, звароту па судовую абарону”, паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на пракуратуру сталіцы.

Праверка таксама паказала, што не ва ўсіх выпадках “праведзеная пераддагаворная праца” была “належнай і такой, якая б адпавядала інтарэсам беларускага боку”.

“Выяўленыя факты адсутнасці належнага кантролю за дзейнасцю суб’ектаў уласнай тавараправоднай сеткі за мяжой, а таксама надання ім працяглых адтэрміновак плацяжоў за пастаўленую прадукцыю, у тым ліку пры парушэнні графікаў пагашэння запазычанасці, якая ўтварылася раней, — гаворыцца ў паведамленні. — Напрыклад, у ходзе правядзення пракурорамі праверкі аднаго з прамысловых прадпрыемстваў высветлена, што яно праводзіла пастаўку прадукцыі ўласнаму суб’екту тавараправоднай сеткі ў суседняй дзяржаве пры наяўнасці ў яго непагашанай пратэрмінаванай запазычанасці па раней ажыццёўленых пастаўках у памеры больш як 848 тыс. рублёў”.

“Пры гэтым, пасля ажыццяўлення пастаўкі, у сувязі з надыходам тэрмінаў аплаты за раней пастаўленую прадукцыю, у красавіку 2026 года адбыўся рост пратэрмінаванай запазычанасці названага суб’екта да 2,5 млн рублёў”, — дадала пракуратура.

У рамках праверкі таксама высветлілася, што службовыя асобы адной арганізацыі прынялі рашэнне пра адчужэнне долі “ў статутным фондзе суб’екта тавараправоднай сеткі”, што не адпавядала інтарэсам беларускага боку. Па гэтым факце распачатая даследчая праверка, дзеянням гэтых асоб будзе дадзеная крымінальна-прававая ацэнка.

Па выяўленых парушэннях органы сталічнай пракуратуры вынеслі кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў тры прадстаўленні і чатыры прадпісанні. Акрамя таго, галоўнаму статыстычнаму ўпраўленню Мінска дадзеныя тры даручэнні распачаць адміністрацыйны працэс паводле ч. 1 арт. 24.12 КаАП (парушэнне парадку прадстаўлення даных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці).

Як паведамляў “Позірк”, дэбіторская запазычанасць (пазыкі прадпрыемству) на 1 красавіка вырасла да 105,2 млрд рублёў (92,5 млрд; +13,7%), у тым ліку пратэрмінаваная — 12,3 млрд (10,4 млрд; +18,3%).

Крэдыторская запазычанасць (пазыкі прадпрыемства) павялічылася да 126,1 млрд (111,8 млрд; +12,8%), у тым ліку пратэрмінаваная — 13,6 млрд (11,9 млрд; +14,3%).

Падзяліцца: