Мінск 03:47

Ціханоўская: Больш беларусаў павінна вучыцца ў Еўропе, адчуць еўрапейскі лад жыцця

Святлана Ціханоўская ва ўніверсітэцкім каледжы Лондана (UCL) 5 чэрвеня 2026 года
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

5 чэрвеня, Позірк. Пра жаданне, каб больш беларусаў “вучыліся ў Еўропе, адчулі еўрапейскі лад жыцця і аднойчы прынеслі гэты дух назад у Беларусь“, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 5 чэрвеня ва Універсітэцкім каледжы Лондана (UCL).

Аднойчы дыктатура Лукашэнкі абрынецца — і спатрэбяцца людзі, якія змогуць аднавіць Беларусь і вярнуць яе ў еўрапейскую сям’ю, “дзе ёй і месца“, сказала яна.

Ціханоўская вітала вяртанне ў 2027 годзе Вялікабрытаніі ў Erasmus+ — найбуйнейшую праграму Еўрапейскага саюза, накіраваную на падтрымку акадэмічнай мабільнасці, супрацоўніцтва і абменаў у сферы адукацыі, прафесійнага навучання і спорту. Гэта дазволіць яшчэ большай колькасці таленавітых маладых людзей прыехаць у Вялікабрытанію вучыцца, сказала яна.

Дэмлідар зноў заклікала падтрымліваць Украіну, перамога якой адкрые шлях да свабоды і для Беларусі.

“Мы змагаемся супраць таго ж зла і за тую ж будучыню. Лёсы нашых краін пераплеценыя. Без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі. Без вольнай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы”, — паўтарыла Ціханоўская сваю пазіцыю.

Яна згадала нядаўні візіт ва Украіну і выказала меркаванне, што кожны палітык павінен наведаць гэтую краіну падчас вайны, каб не ўзнікала пытанняў, чаму Украіне патрэбная падтрымка і ці трэба ўзмацняць санкцыі супраць Расіі і Беларусі.

Калі РФ наважыцца пашырыць агрэсію, ёй спатрэбіцца беларуская тэрыторыя і “марыянетка накшталт Лукашэнкі”, таму Расія яго падтрымлівае, мяркуе Ціханоўская.

Падзяліцца: