Мінск 13:06

Валагодская вобласць РФ плануе адкрыць у Беларусі “хаб паставак прадукцыі, цікавай беларускаму рынку”

Волагда
Ілюстрацыйнае фота: Nikolai Kolosov / unsplash.com

6 чэрвеня, Позірк. Прэзентацыйны цэнтр прадукцыі, які адначасова выконваў бы функцыю па яе дыстрыбуцыі, плануе адкрыць у Беларусі ўрад Валагодскай вобласці Расіі, заяўляе губернатар гэтага суб’екта РФ Георгій Філімонаў.

На палях Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму чыноўнік паведаміў ТАСС, што ў гэтай справе рэгіён будзе абапірацца на досвед адкрыцця ў кітайскім горадзе Сіань цэнтра распаўсюду прадукцыі валагодскага лесапрамысловага комплексу.

“Маем прагматычную задачу — паглядзець, як будзе праект [у Сіане] узлятаць у партнёрстве з кітайскімі калегамі, і зрабіць выснову адносна плюсаў, мінусаў, каб запускаць такія пляцоўкі ў іншых краінах, — сказаў ён. — Маецца ўжо такая ідэя — запусціць такія кластары ў іншых краінах, у першую чаргу, у нашай брацкай Беларусі”.

Адзначаецца, што кіраўніцтва рэгіёна палічыла неабходным стварыць “хаб паставак валагодскай прадукцыі, цікавай беларускаму рынку”, пасля “дзён Валагодскай вобласці”, якія прайшлі ў Беларусі ў 2025 годзе.

На сустрэчы з Філімонавым 25 жніўня 2025 года ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларусы і рускія — гэта “адзін народ фактычна”.

“Вялікая павага нашага народа да рускага народа. Мне нават як чалавеку савецкаму цяжка вымаўляць гэта — што там рускія, беларусы… <…> Ад аднаго кораня пайшлі, нарадзіліся, мы падобныя абсалютна адзін да аднаго, у нас прынцыпы адныя і тыя ж, мы развіваемся так, як маюць развівацца славянскія народы. Мы хацелі б, каб у нас былі самыя добрыя і цёплыя стасункі”, — сказаў ён тады.

Палітык заявіў, што аб’ёмы ўзаемнага гандлю паміж Беларуссю і Валагодскай вобласцю РФ “прыстойныя”, але не назваў канкрэтную лічбу, толькі абстрактна адзначыўшы, што за апошнія пяць гадоў тавараабарот “значна вырас”.

Лукашэнка падзякаваў госцю за тое, што “Валагодчына набывае розныя віды” белавускай тэхнікі, цэніць гэтую тэхніку і лічыць “адной з прымальных паводле цаны і якасці”. Ён заявіў, што Мінск гатовы пашырыць лінейку трактароў, якія пастаўляюцца ў Валагодскую вобласць, і зацікаўлены ў развіцці сумесных вытворчасцяў.

Акрамя таго, паводле яго слоў, Беларусь гатовая “прапанаваць індывідуальныя фінансавыя праграмы” для гэтага расійскага рэгіёну і “прадугледзець сэрвіснае абслугоўванне ўсёй той тэхнікі, якая будзе працаваць” у Валагодскай вобласці.

Сярод іншага, адзначыў Лукашэнка, Беларусь гатовая пастаўляць ліфты, прадукты харчавання, экспартаваць праектныя, будаўнічыя і аддзелачныя паслугі, развіваць турызм.

Падзяліцца: