Мінск 10:04

У Мінску абнавіўся рэкорд па ападках у траўні

Ілюстрацыя: "Позірк"

7 чэрвеня, Позірк. У Мінску абнавіўся рэкорд па ападках у траўні, гаворыцца ў справаздачы Белгідрамета па выніках месяца.

Колькасць ападкаў склала 143 мм, або 143 л вады на квадратны метр тэрыторыі. Да гэтага найбольш вільготны травень у сталіцы быў у 1984 годзе — 132 мм.

Агулам па краіне выпала 71 мм ападкаў, або на 12% больш за норму. Такі і больш вільготны травень назіраецца прыкладна раз на тры гады, адзначаюць сіноптыкі. Найбольш ападкаў адзначана ў Мінскай вобласці — 106 мм, або на 68% вышэй за норму. Такім вільготным у рэгіёне травень бывае раз у 15 гадоў.

У Барысаве назіраўся град дыяметрам да 16 мм.

Сярэдняя тэмпература ў мінулым месяцы перавысіла норму на 0,7 градуса і склала 14,1 градуса вышэй за нуль.

Як вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу даных Белгідрамета, за апошнія сем гадоў гэта другі травень з перавышэннем кліматычнай нормы па тэмпературы, астатнія пяць (у 2020-23 і 2025 гадах) былі халадней за норму. Найбольшае адхіленне было адзначанае летась — 2,5 градуса (10,9 супраць 13,4), а таксама ў 2020-м — 2,4 (11 градусаў).

Найцяплейшы травень пасля 1945 года адзначаўся ў 2018 годзе (сярэдняя тэмпература 16,9 градуса), найхаладнейшы — у 1980-м (8,3).

У мінулым траўні цяплей нормы былі першая і другая дэкады (13,9 супраць 12 градусаў і 14 супраць 13,4), халадней — трэцяя (14,2 супраць 14,8).

Найгарачэй было днём 21 траўня ў Слаўгарадзе і Жлобіне — 31 градус вышэй за нуль, найхаладней — у ноч на 2 траўня ў Брагіне — 2,3 градуса марозу.

Найбольшая хуткасць ветру зафіксаваная 27 траўня ў Слаўгарадзе — 26 м/c.

Красавік 2026 года ў краіне быў на 1,4 градуса халадней за норму (сярэдняя тэмпература 6,4 градуса вышэй за нуль супраць 7,8). Сакавік стаў найцяплейшым за перыяд пасля 1945 года — 5,8 градуса вышэй за нуль пры норме 0,8. На 90% станцый былі абноўленыя рэкорды сярэднямесячнай тэмпературы паветра.

На 9 чэрвеня анансаваная прэс-канферэнцыя Белгідрамета па выніках вясновых метэаназіранняў.

Падзяліцца: