Мінск 20:45

Міністэрства аховы здароўя выключыла з продажу прадукцыю прадпрыемства “Біямалпрам”, якая магла стаць прычынай масавага атручэння дзяцей у Мінскай вобласці

Скрыншот з сайта ТАА "Біямалпрам": "Позірк"

8 чэрвеня, Позірк. Санітарна-эпідэміялагічная служба Міністэрства аховы здароўя канфіскавала з абарачэння прадукцыю ТАА “Біямалпрам“, якая магла стаць прычынай масавага атручэння дашкольнікаў у Мінскай вобласці.

“Санітарна-эпідэміялагічная служба Міністэрства аховы здароўя завяршае правядзенне санітарна-эпідэміялагічнага расследавання прычын шпіталізацыі дзяцей у Мінскай вобласці. Для прадухілення распаўсюджвання і ліквідацыі эпідэміялагічнага недабрабыту, звязанага з прадукцыяй ТАА “Биомолпром”, дадзеныя прадукты канфіскаваныя з абарачэння”, — заявіла намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Святлана Нячай, якую цытуе прэс-служба ведамства.

Міністэрства нагадвае, што 2 і 3 чэрвеня ў лякарні Мінскай вобласці (у Барысаве — 27 з 30 тых, хто звярнуўся па дапамогу) былі шпіталізаваныя дзеці з сімптомамі, якія “не выключаюць кішачную інфекцыю”. Па стане на 8 чэрвеня новых зваротаў па медыцынскую дапамогу не зарэгістравана.

“На працягу дзвюх гадзін з моманту рэгістрацыі сітуацыі быў праведзены збор эпідэміялагічнага анамнезу ў дзяцей і бацькоў, устаноўлены меркаваны фактар перадачы інфекцыі — кісламалочны прадукт “Біфідзін”, — паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Былі “аператыўна адабраныя ўзоры харчовай прадукцыі для правядзення лабараторных даследаванняў”. Вынікі “пацвердзілі неадпаведнасць прадукцыі патрабаванням мікрабіялагічнай бяспекі”.

Дзяржсаннагляд правёў ацэнку ўмоў вытворчасці. “Дзейнасць прадпрыемства прыпыненая, рэалізацыя прадукцыі спыненая”, — гаворыцца ў паведамленні.

4 чэрвеня стала вядома, што Генеральная пракуратура ініцыявала праверку па факце атручвання дзяцей у дашкольных установах Барысава. Па яе выніках упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па ч. 1 арт. 336 КК (парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, устаноўленых тэхнічнымі рэгламентамі, санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў).

Шпіталізаваныя дзеці выпісаныя (апошняе дзіця — 5 чэрвеня).

На сайце ТАА “Біямалпрам” пазначана, што яно было створанае ў 2002 годзе “пры непасрэднай дапамозе Бярэзінскага райвыканкама і Мінскага аблвыканкама з мэтай стварэння новых працоўных месцаў і выпуску сацыяльна значнага, імпартазамяшчальнага малочнага прадукту для дзіцячага харчавання”.

У 2003 годзе на прадпрыемстве ў рамках праграмы “Дзеці Беларусі” “пры фінансавай падтрымцы камітэта прадпрымальніцтва аблвыканкама” была праведзеная рэканструкцыя, якая павялічыла вытворчыя магутнасці.

У 2019 годзе праведзена яшчэ адна рэканструкцыя. Павялічаныя вытворчыя магутнасці, вытворчая лабараторыя прыведзена ў адпаведнасць “самым сучасным патрабаванням”.

Прадпрыемства выпускае біфідапродукты для дзіцячага харчавання “Біфідзін “для дзяцей з 3 тыдняў і старэйшых, якія “з’яўляюцца унікальнымі паводле сваіх прафілактычных і аздараўленчых уласцівасцях”.

“Эфектыўнасць біфідапрадуктаў “Біфідзін” у аднаўленні здароўя дзяцей пацверджаная выпрабаваннямі МАЗ РБ на базе УАЗ “10 гарадская дзіцячая клінічная паліклініка” ў г. Мінску”, — падкрэсліваецца ў прэзентацыі.

Адзначаецца, што ўсе прадукты прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю, на прадпрыемстве сертыфікавана сістэма менеджменту якасці HACCP, маецца акрэдытаваная лабараторыя, прадукцыя “адпавядае тэхнічным рэгламентам МС” (Мытнага саюза).

Падзяліцца: