Мінск 12:11

У Шклоўскім раёне сужэнцы выратавалі ўнука ад агню, але загінулі самі — у справе разбіраецца СК

Фота: прэс-служба СК

9 чэрвеня, Позірк. Следчыя разбіраюцца ў абставінах гібелі сужэнцаў — 58-гадовага мужчыны і 47-гадовай жанчыны на пажары ў Шклоўскім раёне (Магілёўскай вобласці).

Паводле інфармацыі ведамства, уначы 9 чэрвеня паступіла паведамленне пра ўзгаранне дома ў аграгарадку Стараселле. Целы мужа і жонкі знайшлі супрацоўнікі МНС.

“Адна з відавочцаў паведаміла следчаму, што яна заўважыла дым у суседнім доме і пабачыла, як гаспадыня разбівае шкло ў акне, — гаворыцца ў паведамленні. — Падбегшы, жанчына ўбачыла, што ўнутры знаходзіцца дзіця. Суседка перадала ёй свайго 2-гадовага ўнука, пасля чаго з-за агню яе больш не бачылі. На гэты момант хлопчык знаходзіцца ў рэанімацыі, яму аказваецца неабходная медыцынская дапамога”.

Аператыўнікі і крыміналісты СК разам са спецыялістамі абласнога ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз і работнікамі МНС правялі агляд, зафіксавалі следавую карціну і апыталі відавочцаў.

“Разглядаецца некалькі версій узнікнення пажару, у тым ліку няспраўнасць праводкі і неасцярожнае абыходжанне з агнём пры паленні”, — адзначыла ведамства.

Згодна з данымі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ад пачатку 2026 года ў Беларусі ад агню загінула 308 чалавек — на 5,8% больш, чым за аналагічны леташні перыяд.

Падзяліцца: