Мінск 22:00

Кіроўца аўтобуса, які патрапіў у смяротнае ДТЗ у снежні, знаходзіўся пад уздзеяннем лекаў — пракуратура

10 чэрвеня, Позірк. Аб накіраванні пракуратурай Віцебскай вобласці ў суд Талачынскага раёна крымінальнай справы 43-гадовага замежнага грамадзяніна паведаміла 10 чэрвеня Генпракуратура.

Яму інкрымінаванае парушэнне Правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і цяжкія траўмы яшчэ трох пасажыраў. Згодна з матэрыяламі справы, у снежні 2025 года мужчына кіраваў аўтобусам “Ютонг” на трасе М1 Брэст — мяжа РФ, знаходзячыся “пад уздзеяннем лекаў, якія зніжалі ягоную ўвагу і хуткасць рэакцыі“. Рухаючыся ў бок мяжы з РФ, ён “не прыняў своечасовых мер да зніжэння хуткасці руху аж да прыпынку транспартнага сродку, дапусціў з’езд у кювет, урэзаўся ў земляны насып і перакуліўся“.

Пракуратура палічыла абвінавачанні абгрунтаванымі і пагадзілася з кваліфікацыяй зробленага паводле ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса.

Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра ДТЗ з удзелам аўтобуса Брэст — Масква, якое адбылося 27 снежня мінулага года каля 02:40 у Талачынскім раёне. Тады паведамлялася, што 43-гадовы шафёр не даў рады кіраванню, аўтобус з’ехаў у кювет і перакуліўся.

Пазней у той жа дзень Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ў аршанскім шпіталі № 1 заставалася пяць пацярпелых (адзін з беларускім грамадзянствам, чатыры — з расійскім), астатнія пасля агляду былі адпраўленыя лячыцца амбулаторна.

Загінула 53-гадовая жанчына, грамадзянка Беларусі, усяго ў салоне знаходзілася 14 чалавек (два кіроўцы, 12 пасажыраў).

Тады паведамлялася, што Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле названага артыкула. Дзеянне караецца папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Падзяліцца: