Мінск 15:45

Парламент Беларусі зрабіў першы крок да ратыфікацыі пагаднення з Тога пра бязвіз для ўладальнікаў спецпашпартоў

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба ПП НС

12 чэрвеня, Позірк. Праект закона аб ратыфікацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Тога пра скасаванне віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў 12 чэрвеня прынялі ў адным чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Цяпер дакумент мае ўхваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

Пагадненне заключанае 2 сакавіка 2026 года ў Ломе “ў мэтах спрашчэння візавага рэжыму для грамадзян Рэспублікі Беларусь і Тагалезскай Рэспублікі, якія маюць дыпламатычныя і службовыя пашпарты”. Дакумент падпісаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, які знаходзіўся ў гэтай краіне з візітам.

У адпаведнасці з дакументам грамадзяне дзвюх дзяржаў, якія маюць дыпламатычныя і службовыя пашпарты, маюць права без віз уязджаць, выязджаць, рухацца транзітам і знаходзіцца на тэрыторыі дзяржавы другога боку на працягу 30 дзён з даты ўезду, пры гэтым агульны перыяд іх знаходжання не мае перавышаць 90 дзён за каляндарны год.

Пагадненнем таксама прадугледжана, што бакі маюць права адмовіць ва ўездзе або скараціць тэрмін знаходжання грамадзян дзяржавы другога боку, калі іх прысутнасць з’яўляецца непажаданай, а таксама прыпыніць цалкам або часткова дзеянне пагаднення ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя насельніцтва.

Чакаецца, што рэалізацыя пагаднення “будзе садзейнічаць развіццю афіцыйных кантактаў паміж дзвюма краінамі”.

Падчас сакавіцкага візіту Рыжанкоў таксама падпісаў з міністрам замежных спраў, супрацы, афрыканскай інтэграцыі і па справах тагалезцаў за мяжой Рабэрам Дзюсэ міжведамасны мемарандум аб правядзенні палітычных кансультацый.

Цяпер Беларусь і Тога не маюць дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі адна адной. Былы амбасадар Беларусі ў Нігерыі Вячаслаў Бяскосты з 2013 да 2018 года быў амбасадарам у Тога па сумяшчальніцтве, пасля чаго беларускі бок не прызначаў амбасадараў у гэтую афрыканскую краіну.

Таксама не маюць амбасадаў на тэрыторыі адна адной Тога і Расія, аднак пра намер адкрыць такія ў 2026 годзе было заяўлена падчас візіту ў Маскву ў лістападзе 2025 года прэм’ер-міністра Тога. Магчыма, у перспектыве амбасадар Тога ў Расіі будзе прызначаны амбасадарам па сумяшчальніцтве і ў Беларусі, як гэта практыкуе шэраг краін афрыканскага кантынента.

Паводле інфармацыі на сайце МЗС Беларусі, экс-міністр замежных спраў Сяргей Алейнік сустракаўся са сваім тагалезскім калегам у 2023 годзе на палях аднаго са шматбаковых мерапрыемстваў.

Падзяліцца: