Мінск 21:47

Два п’яныя трактарысты затрыманыя ў Хоцімскім раёне — аштрафаваныя на буйныя сумы, пазбаўленыя правоў

12 чэрвеня, Позірк. Аб затрыманні ў Хоцімскім раёне двух нецвярозых трактарыстаў паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкама.

“Падчас патрулявання інспектары ДАІ спынілі 31-гадовага мужчыну, які знаходзіўся за стырном трактара “МТЗ”. Агляд паказаў наяўнасць у выдыханым паветры 0,8 праміле этылавага спірту. Следам за ім рухаўся другі трактар, якім кіраваў 41-гадовы мужчына. Прыбор зафіксаваў у яго 1,0 праміле”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што за дапушчанае парушэнне трактарыстаў “чакаюць сур’ёзныя санкцыі: аднаму трэба будзе выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (4.500 рублёў) і пазбавіцца правоў на тры гады, а другому — штраф у 200 б.в. (9.000 рублёў) і пазбаўленне — на пяць гадоў”.

Дзяржаўтаінспекцыя заявіла аб недапушчальнасці кіравання транспартнымі сродкамі ў стане ап’янення.

7 чэрвеня паведамлялася, што ў Хоцімску да адміністрацыйнай адказнасці за п’яную язду на ровары прыцягнуты 66-гадовы пенсіянер. Агляд паказаў наяўнасць у яго 2,6 праміле этылавага спірту.

Падзяліцца: