Мінск 21:07

29 палітвязняў прыгаворана ў Беларусі да 20 і больш гадоў пазбаўлення волі — “Вясна”

Фота: pixabay.com

22 ліпеня, Позірк. На 22 ліпеня ў Беларусі налічваецца не менш як 29 палітвязняў, асуджаных на 20 і больш гадоў пазбаўлення волі, сярод іх — дзве жанчыны і чатыры замежныя грамадзяніны, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна“.

Адзначаецца, што першым палітвязнем з такім тэрмінам (25 год) стаў грамадскі актывіст Мікалай Аўтуховіч. Па адной з ім справе да 20 гадоў зняволення прыгавораны Вольга Маёрава і Павел Сава.

Да 21 года пазбаўлення волі прыгаворана Вольга Капуза. Яе муж Зміцер Капуза асуджаны на 24 гады. Мужоў абвінавацілі ў супрацоўніцтве са спецслужбамі Украіны.

Паводле даных праваабаронцаў, з улікам некалькіх прысудаў найбольшы тэрмін пазбаўлення волі мае палітвязень Вячаслаў Маляйчук — 26 гадоў і 10 месяцаў. Асуджаны па чатырох артыкулах КК, у тым ліку за “акт тэрарызму”.

Таксама за кратамі з лютага 2024 года ўтрымліваюць грамадзян Украіны, бацьку і сына Сяргея і Паўла Кабарчукоў, іх асудзілі як “дыверсантаў СБУ” на 20 гадоў няволі.

Мінімум шасці палітвязням тэрміны пазбаўлення волі былі павялічаны за кошт арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы).

Абсалютную большасць з асуджаных (25 чалавек) абвінавацілі ў “акце тэрарызму” (арт. 289 КК). 10 чалавек асуджана за “здраду дзяржаве“ (арт. 356 КК), трое — за “агентурную дзейнасць” (арт. 3581 КК).

Падзяліцца: