Мінск 20:17

Выйшаў на волю адвакат-палітвязень Аляксандр Данілевіч

Фота: старонка Аляксандра Данілевіча з "Фэйсбуку"

22 ліпеня, Позірк. Пра выхад на волю паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адвакат Аляксандр Данілевіч.

Як адзначае праваабарончы цэнтр “Вясна”, палітвязень вызвалены “пасля больш чым чатырох гадоў, праведзеных у зняволенні”.

“Тэрмін Данілевіча яшчэ не скончыўся — праваабаронцам пакуль невядома, на якой падставе Аляксандр апынуўся на волі”, — гаворыцца ў паведамленні.

10 красавіка 2023 года Данілевіч быў прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Рашэнне вынесла суддзя Мінгарсуда Таццяна Фалькоўская. Юрыста абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Віну ў судзе адвакат не прызнаў.

Ён быў затрыманы 20 траўня 2022 года.

Па выніках разгляду апеляцыйнай скаргі тэрмін зняволення адваката быў скарочаны да 6 год.

Згодна з заявамі генпракуратуры, са жніўня 2020 года да траўня 2022-га Данілевіч аказваў садзейнічанне Аляксандры Герасімене і Аляксандру Апейкіну (сузаснавальнікі Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, завочна асуджаныя на 12 гадоў зняволення) “у закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны”.

Сцвярджалася таксама, што ён нібыта падрыхтаваў не менш як тры звароты страйкамаў, у якіх “выклаў загадзя ілжывыя звесткі пра палітычную, эканамічную, сацыяльную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь, парушэнні правоў работнікаў, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дагаворныя адносіны з беларускім контрагентам”.

Следчы камітэт удакладніў, што размова ідзе пра падрыхтоўку лістоў і дакументаў на адрас нарвежскай кампаніі Yara, якая доўгі час была буйным пакупніком угнаенняў прадпрыемства “Беларуськалій”, але пасля падзей 2020 года разарвала супрацоўніцтва з калійным камбінатам.

8 верасня 2023 года МУС уключыла адваката ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

У кастрычніку таго ж году ён быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі.

Падзяліцца: