Мінск 15:44

Валавы знешні доўг Беларусі вырас на 2,9% у гадавым вымярэнні

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / magnific.com

15 чэрвеня, Позірк. Валавы знешні доўг Беларусі на 1 красавіка 2026 года склаўся ў памеры 38 млрд 295,6 млн долараў ЗША, паведамляе Нацыянальны банк.

На аналагічную дату 2025-га ён складаў 37 млрд 212,6 млн долараў. Такім чынам, за 12 месяцаў доўг павялічыўся на 1 млрд 83 млн долараў (+2,9%).

Доўг сектара дзяржаўнага кіравання зменшыўся за названы перыяд на 5,3% (з 17 млрд 730 млн да 16 млрд 782,2 млн долараў), Нацбанка і іншых дэпазітных арганізацый — на 13,8% (з 4 млрд 257,1 млн да 3 млрд 670,6 млн).

Доўг іншых сектараў павялічыўся на 19,5% (з 12 млрд 993,4 млн да 15 млрд. 523,9 млн), па міжфірменным крэдытаванні — на 3,9% (з 2 млрд 232,1 млн да 2 млрд 318,9 млн).

Раней Еўразійская эканамічная камісія паведамляла, што “ва ўсіх дзяржавах — членах ЕАЭС доўгатэрміновы знешні доўг пераважае — яго доля знаходзіцца ў межах паміж 57 і 88%. Кароткатэрміновае знешняе запазычанне назіраецца ў асноўным у банкаўскім сектары”.

Высокае пакрыццё знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі забяспечанае толькі ў Расіі (231,5%). У іншых краінах гэты паказчык быў такім: у Арменіі — 24,1%, Казахстане — 35,5%, Беларусі — 35,8%, Кыргызстане — 58,3%.

Валавы знешні доўг — нявыплачаная сума абавязацельстваў перад нерэзідэнтамі, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і (або) працэнтаў.

У адрозненне ад знешняга дзярждоўгу, які ўлічвае толькі абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі, валавы знешні доўг ахоплівае абавязацельствы ўсіх рэзідэнтаў, падзеленых на чатыры сектары эканомікі: органы дзяржкіравання, органы грашова-крэдытнага рэгулявання, банкі (дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем Нацбанка), іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы.

Падзяліцца: