Мінск 16:15

Наўседа выступіў за ўзмацненне жорсткасці міграцыйнай палітыкі Літвы

Ілюстрацыйнае фота: Tim Mossholder / unsplash.com

16 чэрвеня, Позірк. За “больш строгую міграцыйную палітыку і сістэму дазволаў на часовую працу” выступіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, звяртаючыся 16 чэрвеня ў Сейме са штогадовым пасланнем.

Паводле слоў палітыка, якія прыводзіць яго прэс-служба, сёння нізкая нараджальнасць у краіне з’яўляецца “не меншай доўгатэрміновай структурнай праблемай”, чым “няроўнасць даходаў або доступ бізнесу да капіталу”. Ён канстатаваў, што “дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту ніяк не створыш у нацыі, якая вымірае”.

“Мы не маем раскошы выйсці з аўтамабіля, які рухаецца, і гадамі без спешкі шукаць ідэальнае рашэнне. Мы ўжо бачылі, як гэта чатыры гады рабілі кіроўныя з мінулага склікання Сейма, адначасова ўпускаючы ўсё больш эканамічных мігрантаў, — заявіў кіраўнік літоўскай дзяржавы. — Сёння яны, забыўшыся на ўсё, абвінавачваюць іншых у папулізме. Так, унёсак імігрантаў нам патрэбны, каб не было недахопу працоўнай сілы. Аднак было б вялікай памылкай чакаць, што некіраваная іміграцыя схавае дэмаграфічныя болі дзяржавы. Што б ні здарылася, Літва мае заставацца літоўскай”.

Наўседа заклікаў “яшчэ больш заахвочваць вяртальную міграцыю, развіваючы літуаністычную адукацыю за мяжой, ствараючы лепшыя ўмовы для вяртання маладых сем’яў з дзецьмі”.

“Нам неабходныя адрасныя падатковыя льготы для сем’яў з дзецьмі і эфектыўная стратэгія забеспячэння жыллём, якая стварыла б больш спрыяльныя ўмовы для маладых сем’яў не толькі ў Вільнюсе, які падаражэў, але і ў рэгіёнах. Неабходныя таксама захады па стымуляванні жыццяздольнасці рэгіёнаў і забеспячэнні дзяржаўных паслуг, якія ахопліваюць усю Літву”, — заявіў ён.

На 1 чэрвеня 2026 года ў Літве, дзе пражывае каля 2,8 млн чалавек, налічвалася 220.429 замежнікаў — трымальнікаў дакументаў, якія легалізуюць іх знаходжанне ў краіне. Беларусы — другая паводле колькасці група замежных грамадзян з такімі дакументамі, іх 48.926. Больш толькі ўкраінцаў — 78.141.

Разам з тым колькасць беларусаў з дакументамі, якія легалізуюць знаходжанне ў Літве, планамерна зніжаецца ўжо некалькі гадоў запар.

Колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве апусцілася ніжэй за 49 тыс.

8 чэрвеня, Позірк. Дзейны дазвол на пражыванне ў Літве на 1 чэрвеня 2026 года мела 48.926 грамадзян Беларусі, сведчаць статыстычныя даныя Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы. Праведзены "Позіркам" аналіз паказаў, што за месяц іх колькасць зменшылася …
Падзяліцца: