Мінск 16:59

Ціханоўская на сустрэчы з Калас заклікала закрыць санкцыйныя пралазы для рэжыму Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

18 чэрвеня, Позірк. “Закрыць пралазы”, якія дазваляюць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абыходзіць санкцыі Еўрасаюза, заклікала вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Каю Калас дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Беларускі палітык, згодна з паведамленнем яе прэс-службы, сустрэлася з чыноўніцай 17 чэрвеня ў штаб-кватэры Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) у Бруселі.

Змякчэнне санкцыйных абмежаванняў, заявіла Ціханоўская, магчымае толькі пасля “незваротных змяненняў у палітыцы рэжыму”, а сёння, паводле яе слоў, нягледзячы на ​​вызваленне асобных палітзняволеных, зніжэння ўзроўню рэпрэсій не назіраецца — “пераслед толькі ўзмацняецца і мяняе формы”.

Паведамляецца, што дэмлідар падзякавала Калас і ўсёй камандзе ЕСЗД за “прынцыповую і паслядоўную падтрымку Беларусі, беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці”. Яна перадала шэраг дакументаў па сітуацыі ў сферы бяспекі, а таксама расказала пра працу беларускай грамадзянскай супольнасці па супрацьдзеянні расійскай дэзінфармацыі падчас прамінулых выбараў у Арменіі і Малдове.

На сустрэчы таксама былі абмеркаваныя вынікі нядаўняга візіту Ціханоўскай ва Украіну. Дэмлідар звярнула ўвагу на адкрыццё Місіі дэмакратычных сіл у Кіеве, прызначэнне Кіевам амбасадара па асаблівых даручэннях для працы з беларускімі дэмсіламі, а таксама запуск сумеснай каардынацыйнай групы. Размова ішла таксама пра падтрымку Украінай міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці за злачынствы рэжыму Лукашэнкі, а таксама пра інфармацыйную і палітычную супрацу.

“Асаблівая ўвага” на сустрэчы, паводле інфармацыі прэс-службы Ціханоўскай, была нададзеная кантактам з ЗША і намаганням па вызваленні палітвязняў. У гэтым кантэксце дэмлідар падкрэсліла “важнасць захавання гуманітарнага трэка вызвалення зняволеных без палітычнай легітымацыі рэжыму”.

Яшчэ адной тэмай размовы стаў нацыянальны дыялог і магчымасць правядзення круглага стала як аднаго з інструментаў мірнага выхаду з крызісу. Ціханоўская падкрэсліла, што першым крокам мае стаць вызваленне ўсіх палітвязняў, поўная амністыя і спыненне рэпрэсій.

Паведамляецца, што палітык папрасіла Калас падтрымаць беларускія незалежныя СМІ, якія “дазваляюць захоўваць сувязь з беларусамі ўнутры краіны”, а таксама праваабаронцаў, ахвяр рэпрэсій, дзеячаў культуры і дэмакратычныя інстытуты. Акрамя таго, яна заклікала садзейнічаць большай мабільнасці беларусаў і захаваць выдачу шэнгенскіх віз грамадзянам Беларусі.

Падчас наведвання Бруселя 17 чэрвеня Ціханоўская таксама ўзяла ўдзел у мерапрыемствах па лініі Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта, дала інтэрв’ю ірландскаму тэлеканалу RTÉ і італьянскаму інфармацыйнаму агенцтву ANSA.

Падзяліцца: