Мінск 18:36

Продаж дзяржаўных інтэрнэт-аблігацый пачнецца на наступным тыдні

Ілюстрацыі: Мінфін Беларусі, Joshua Hoehne (unsplash.com) / калаж: "Позірк"

20 чэрвеня, Позірк. Продаж “дэбютнага выпуску” (№ 406) дзяржаўных інтэрнэт-аблігацый у беларускіх рублях з гарантаваным датэрміновым выкупам пачнецца 22 чэрвеня, паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў.

Паводле інфармацыі ведамства, намінальны кошт адной аблігацыі складае 200 рублёў. Ліміт выпуску — 50 млн рублёў, то бок максімальна можа быць эмітавана 250 тыс. каштоўных папер у электроннай форме. Набыць іх можна будзе на працягу 1,5 года ад пачатку продажу.

Стаўка працэнтнага даходу роўная суме дынамічнай стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка (зараз — 9,25% гадавых) і канстанты — 0,25 працэнтнага пункта. Працэнтны даход мяркуецца выплачваць раз на паўгода.

Дата пагашэння інтэрнэт-аблігацый — 22 чэрвеня 2029 года, то бок тэрмін іх абарачэння складае 3 гады. Разам з тым пры жаданні ўладальніка дзяржава абавязваецца выкупіць электронную каштоўную паперу датэрмінова — у пяць пэўных дзён на працягу ўсяго тэрміну абарачэння (у 2027 годзе — 22 лютага, 23 жніўня; 2028-м — 22 лютага, 22 жніўня; 2029-м — 22 лютага).

Мінфін паведамляе, што фізічныя асобы змогуць набываць гэтыя аблігацыі праз інтэрнэт-банкінг “Беларусбанка” і электронную гандлёвую пляцоўку “Белаграпрамбанка”.

Падзяліцца: