КР 4-га склікання у сваёй першай заяве заклікала беларусаў устрымлівацца ад паездак у РФ

23 чэрвеня, Позірк. Устрымлівацца ад паездак у Расію — асабліва ў рэгіёны, набліжаныя да зоны баявых дзеянняў, — заклікала беларусаў Каардынацыйная рада (КР).
Сваю першую заяву КР 4-га склікання, якая распачала працу на мінулым тыдні, прыняла 22 чэрвеня ў сувязі з інцыдэнтам, калі аўтобус, што перавозіў беларускіх дзяцей, трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ.
У заяве падкрэсліваецца, што “вайна, распачатая расійскім кіраўніцтвам супраць Украіны, стварае сур’ёзныя рызыкі для бяспекі ўсіх людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расіі, незалежна ад іх грамадзянства”.
КР выказала шчырыя спачуванні сем’ям загінулай і пацярпелых у выніку атакі, зычыла параненым як найхутчэй акрыяць і выказала падтрымку іх родным і блізкім.
Рада заклікала “ўсе бакі ўзброенага канфлікту строга выконваць нормы міжнароднага гуманітарнага права, рабіць усе магчымыя захады для абароны мірнага насельніцтва і пазбягаць дзеянняў, якія могуць прывесці да гібелі і ранення цывільных асобаў, асабліва дзяцей”.
Палітычная структура ўсклала адказнасць за гэтае здарэнне на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, што “працягвае арганізоўваць і заахвочваць паездкі беларускіх дзяцей на тэрыторыю дзяржавы, якая вядзе поўнамаштабную вайну і рэгулярна зазнае атакі ў сувязі з гэтай вайной”.
У дакуменце адзначана, што “накіроўваючы дзяцей у зону падвышанай вайсковай небяспекі, улады Беларусі свядома ставяць іх жыццё і здароўе ў дадатковую рызыку”.
“Беларускія дзеці не павінны станавіцца закладнікамі вайны, прапаганды або безадказных палітычных рашэнняў. Іх бяспека павінна быць безумоўным прыярытэтам”, — гаворыцца ў заяве КР, ініцыятарам якой выступіў Блок беларускіх палітычных зняволеных “Беларусы дзеяння”.
У падтрымку дакумента выступілі 39 з 52 дэлегатаў КР, што ўзялі ўдзел у галасаванні (супраць — 3, устрымаліся — 10).
Дакумент шмат у чым пераклікаецца з заявай Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) ад 17 чэрвеня.
17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар БПЛА ў Бранскай вобласці. У транспартным сродку, які накіроўваўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзілася 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння. Там жа былі ўдзельнікі мясцовай танцавальнай студыі.
Першапачаткова заяўлялася, што пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Пазней МЗС Беларусі ўдакладніла, што пацярпелых шэсць (пяць — дзеці). Іх шпіталізавалі ў бальніцы Бранскай вобласці (аднаму дзіцяці зробленая аперацыя). 18 чэрвеня пецярых дзяцей і аднаго дарослага з расійскіх бальніц перавезлі ў медустановы Мінска. Астатнія вярнуліся ў Рэчыцу ўвечары 17 чэрвеня.
Сярод тых, хто суправаджаў дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула.
Расійскія, а ўслед за імі і беларускія ўлады ды прапаганда адразу абвінавацілі ва ўдары Украіну.
У дзень інцыдэнту Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскі бок не датычны да ўдару па аўтобусе. Абвінавачанні ў гэтым спікер Генштаба Андрэй Кавалёў назваў “чарговай інфармацыйнай правакацыяй Крамля”. Вайсковае камандаванне заявіла таксама, што ў акрэслены перыяд Сілы абароны Украіны не выкарыстоўвалі беспілотныя лятучыя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці.
Упаўнаважаны Вярхоўнай рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец “тэрмінова звязаўся” з беларускім бокам і выказаў жаданне далучыцца да “празрыстага і бесстаронняга ўстанаўлення ўсіх фактаў і абставін гэтага здарэння”. Ці адказаў Мінск на ягоны зварот, невядома, але з заяў чыноўнікаў і ведамстваў вынікае, што ў сітуацыі “разбіраюцца” толькі прадстаўнікі Беларусі і РФ.
Аляксандр Лукашэнка 18 чэрвеня заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў менавіта ўкраінскі дрон: “Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання”.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы 19 чэрвеня гэту сітуацыю, адзначыў наступнае: “Усе ўжо прызналі, і міжнародныя эксперты, і мне здаецца, што таксама і рускія прызнаюць або, скажам так, не адкрыта, што гэты ўдар быў не наш. Як гэта звязваць? Вельмі проста: рускія будуць рабіць шмат розных правакацый для таго, каб уцягнуць народ Беларусі ў гэту вайну”.

- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаФраза "абы не была вайны" з'яўляецца нацыянальным кодам беларусаў — ШацілінаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, ПалітыкаАдкрыццё новага фронту для Украіны з боку Беларусі не з'яўляецца непазбежным — КабанчукМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаУкраіна больш не можа "не завастраць пытанне Беларусі" — амбасадар ЧарнагорМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЛітва спыніла рэкордны за апошнія чатыры тыдні сутачны лік спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка


