Мінск 19:32

На апошніх таргах тыдня патаннеў толькі расійскі рубель

Ілюстрацыя: profmedia.by

26 чэрвеня, Позірк. Расійскі рубель патаннеў на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 26 чэрвеня.

Яго курс знізіўся да 3,7443 за 100 (-0,68%; -0,0257).

Каціроўка амерыканскага долара вырасла да 2,8858 рубля (+2,23%; +0,0630).

Кітайскі юань падаражэў да 4,2289 за 10 (+1,92%; +0,0797); еўра — да 3,2734 (+1,8%; +0,0602).

На працоўным тыдні курс долара вырас на 3,46% (з 2,7892 да 2,8858 рубля), еўра падаражэў на 2,41% (з 3,1964 да 3,2734), курс расійскага рубля знізіўся на 1,28% (з 3,7927 да 3,7443 за 100 рублёў), юаня — вырас на 2,95% (з 4,1078 да 4,2289 за 10).

Беларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР па зніжэнні афіцыйнага курсу долара ЗША да нацыянальнай валюты па выніках пяці месяцаў 2026 года, сведчыць праведзены “Позіркам“ параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў.

За гэты перыяд афіцыйны курс долара ў Беларусі знізіўся на 4,93% (з 2,9027 да 2,7596 рубля). На першым месцы Расія — 9,21% (з 78,2267 да 71,0224 рубля), на трэцім — Арменія — 3,46% (з 381,36 да 368,18 драма). За імі Казахстан, дзе долар патаннеў на 3,31% (з 502,57 да 485,95 тэнге), Грузія — 0,96% (з 2,6951 да 2,6693 лары), Узбекістан — 0,23% (з 12.025,33 да 11.997,83 сума) і Таджыкістан — 0,05% (з 9,2513 да 9,24654 самані).

Падзяліцца: