Прэс-сакратар Еўракамісіі: Паколькі Беларусь садзейнічае агрэсіі РФ, мы будзем працягваць уводзіць санкцыі

29 чэрвеня, Позірк. Каб не быць уцягнутым у вайну Расіі супраць Украіны, “рэжыму ў Беларусі дастаткова кіравацца здаровым сэнсам“. Такое меркаванне, паводле інфармацыі агенцтва “Укрінформ”, выказала 29 чэрвеня прэс-сакратар Еўрапейскай камісіі Аніта Хіпер, адказваючы на пытанне аб неабходнасці “якой-небудзь знешняй дапамогі” Беларусі для прадухілення яе прамога ўдзелу ў вайне на баку РФ.
Разам з тым, паводле слоў Хіпер, Еўрапейская камісія мяркуе, што Беларусь “ужо з’яўляецца часткай” расійскай агрэсіі.
“Расія ўцягвае Беларусь у гэтую вайну, паглыбляючы стасункі з Лукашэнкам, — сказала прэс-сакратарка ЕК. — Куды б ні прыйшла Расія, яна нясе з сабой разбурэнні, як мы бачылі. А паколькі Беларусь садзейнічае ваеннай агрэсіі Расіі, мы будзем працягваць уводзіць санкцыі”.
Пры гэтым Хіпер, як адзначаецца, не стала ацэньваць перспектыву прамога ўключэння Беларусі ў вайну.
“Мы не будзем абмяркоўваць падобныя сцэнарыі. Ужо існуе рэальнасць на месцах, а менавіта тое, што Беларусь аказвае Расіі поўную падтрымку. Мы таксама бачылі, што зрабіў Лукашэнка з пункту гледжання гібрыдных пагроз у дачыненні да ЕС, уключаючы інструменталізацыю мігрантаў, і менавіта таму мы прынялі мэтанакіраваныя меры супраць яго рэжыму”, — сказала яна.
Хіпер зрабіла заявы пасля двухдзённых перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. З РФ беларускі палітык адправіўся ў краіны Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі, цяпер ён знаходзіцца ў Кітаі.
22 чэрвеня Хіпер, каментуючы патрабаванні ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага прыбраць у памежных раёнах Беларусі рэтранслятары, якія дапамагаюць расійскім БПЛА атакаваць Украіну, заявіла, што Кіеў “мае права абараняцца”.
24 чэрвеня Зяленскі паведаміў, што абсталяванне спыніла працу двума днямі раней: “Дэмантавалі [рэтранслятары] ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі ўважліва сачу і штодзённыя даклады атрымліваю. Факт, што рэтранслятары на сёння не працуюць”.
15 чэрвеня стала вядома аб увядзенні санкцый Еўрапейскага саюзу ў дачыненні да беларускага ТАА “Ізавак” — за падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі ва Украіне. Гэта апошняе на сённяшні дзень беларускае прадпрыемства, якое трапіла пад санкцыі ЕС.
24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прадаставіў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследвальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 29 чэрвеня — 9 жніўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства


