Мінск 10:00

У жыхара Вільнюса канфіскаваныя кантрабандныя цыгарэты 10 марак, больш за палову — беларускія

Фота: САДМ

1 ліпеня, Позірк. Аб выяўленні амаль 13 тыс. пачкаў нелегальных цыгарэт у доме 62-гадовага жыхара Вільнюса, яго аўтамабілі і гаспадарчых пабудовах паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Адзначаецца, што ў дом мужчыны супрацоўнікі пагранведамства прыбылі ўвечары 26 чэрвеня пасля атрымання інфармацыі ад латвійскіх калег.

У ходзе ператрусаў выяўленыя 12.821 пачак цыгарэт дзесяці марак. Менш за палову з іх не мелі акцызных марак, на астатніх былі беларускія акцызы.

Кошт цыгарэт складае амаль 70 тыс. еўра.

Распачатае дасудовае расследаванне. Паведамляецца, што за такое злачынства прадугледжаны штраф альбо пазбаўленне волі на тэрмін да васьмі гадоў.

Затрыманы пасля допыту быў вызвалены, у яго канфіскаваныя дакументы і ўзята пісьмовае абавязацельства не пакідаць месца жыхарства.

У САДМ адзначылі, што цыгарэты сусветна вядомых гандлёвых марак таксама падрабляюцца на падпольных фабрыках, якія дзейнічаюць у Латвіі, прычым супрацоўнікі праваахоўных органаў ужо ліквідавалі не адну такую вытворчасць. Літоўскія памежнікі не выключаюць, што затрыманыя ў Вільнюсе цыгарэты марак Marlboro, Winston і Omega, якія не мелі акцызных марак, таксама маглі паступіць з суседняй краіны.

Падзяліцца: