Мінск 16:50

Ціханоўская павіншавала амерыканцаў з Днём незалежнасці, падзякавала Трампу і Коўлу за намаганні па вызваленні палітвязняў

Святлана Ціханоўская ў Вашынгтоне (архіў)
Фота: старонка палітыка ў X

4 ліпеня, Позірк. З Днём незалежнасці павіншавала амерыканцаў дэмакратычны лідэр Беларусі Святлана Ціханоўская.

“У сувязі з 250-годдзем Дэкларацыі незалежнасці ЗША мы шануем ідэалы, якія працягваюць натхняць людзей ва ўсім свеце: свабоду, годнасць і права кожнай нацыі выбіраць сваю будучыню”, — напісала палітык у сацсетцы X 4 ліпеня.

На яе думку, беларусы “падзяляюць гэтую мару”.

Ціханоўская выказала глыбокую падзяку прэзідэнту Дональду Трампу, усёй яго адміністрацыі і спецпасланніку Джону Коўлу за “іх гуманітарныя намаганні па вяртанні [беларускіх] палітычных зняволеных дадому”.

Аналагічная рыторыка выкарыстоўвалася дэмлідэрам год таму. Тады ў віншаванні яна напісала: “Беларусы падзяляюць адну і тую ж мару: жыць у свабоднай і суверэннай краіне. Гэта тое, за што мы змагаемся”.

Як паведамлялася, у актуальным віншаванні Трампу з Днём незалежнасці Аляксандр Лукашэнка выказаў захапленне амерыканскай нацыяй, выказаў кампліменты яму асабіста.

Віншавальнік лічыць невыпадковым, што “250-годдзе ўтварэння ЗША выпадае на перыяд прэзідэнцтва чалавека, які прыкладае ўсе намаганні на карысць” дзяржаве.

Запіс на тэму вызвалення палітвязняў Коўл зрабіў у Х 21 чэрвеня. Ён адрэагаваў на публікацыю дэмлідэра ў сувязі з гадавінай выхаду на волю яе мужа Сяргея Ціханоўскага.

“Іх будзе больш!” — напісаў прадстаўнік Трампа.

15 чэрвеня спецпасланнік заявіў, што неўзабаве можа ў чарговы раз прыбыць у Менск.

10 чэрвеня Коўл абверг інфармацыю аб тым, што працэс вызвалення беларускіх палітвязняў пад эгідай Вашынгтона прыпынены.

Па выніках сваёй апошняй сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 было дазволена застацца на радзіме, а 15 вывезена ў Літву (трое пасля накіраваліся ў Польшчу). У адказ адміністрацыя прэзідэнта ЗША паабяцала зняць у Беларусі частку санкцый (з “Белінвестбанка”, Банка развіцця, Міністэрства фінансаў, “Беларуськалія”, Беларускай калійнай кампаніі).

Усяго пры ўдзеле Белага дома на волю выйшла больш за 400 чалавек.

На 4 ліпеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 860 чалавек (+17 да 21 чэрвеня, калі на тэму выказаўся Коўл).

1 ліпеня Лукашэнка распарадзіўся памілаваць 28 чалавек, раней асуджаных за “злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці” (імёны невядомыя).

Ціханоўская: Незалежнасць пачынаецца з простых рэчаў — магчымасці быць дома, размаўляць на сваёй мове, выбіраць уладу

3 ліпеня, Позірк. Дзень вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі 3 ліпеня 1944 года, які ў сённяшняй Беларусі адзначаецца як Дзень незалежнасці, мае заставацца ў памяці беларусаў, бо нагадвае "страшную цану" міра, бяспекі і права народа жыць на сваёй зямлі, заявіла …

Падзяліцца: